Top.Mail.Ru

Белкаапсаюз ужо закупіў амаль трыста тон клубніц

На чарзе — чарніцы, буякі і маладая бульба.

— Мы ў міжсезонны перыяд закладваем для забеспячэння гандлёвай сеткі вялікі аб’ём агароднінных прадуктаў, — расказвае першы намеснік старшыні праўлення Белкаапсаюза Віктар КАРАЛЁЎ. — Напрыклад, бульбы каля 15 тысяч тон, агародніны — 30 тысяч тон — гэта прадукцыя была закуплена летась. У нас ёсць свае сховішчы для агародніны, якія дазваляюць надоўга забяспечыць свежасць. Калі казаць пра гэты год, то за 5 месяцаў Белкаапсаюзам нарыхтавана прадукцыі на суму каля 160 мільёнаў рублёў. За гэты перыяд адкрыта яшчэ 6 дадатковых нарыхтоўчых пунктаў, а насельніцтву за прадукцыю выплачана каля 60 мільёнаў рублёў.

Прадпрыемствы спажыўкааперацыі саюза супрацоўнічаюць са 150 фермерскімі гаспадаркамі — ужо сёлета з імі заключана каля 945 дагавораў на закупку каля 5 тысяч тон прадукцыі. «Зараз гарачая пара— працягваецца нарыхтоўка клубніц, найперш у самых „ягадных“ — Лунецкім і Столінскім — раёнах» , — адзначыў Валерый Каралёў. Кааператары ўжо нарыхтавалі больш за 285 тон клубніц, з іх таварных ягад — 115 тон. Астатнія ягады ідуць на прамысловую перапрацоўку. Прыёмная цана на сёння вар’іруецца ад 3 да 5,5 рубля.

Па словах першага намесніка старшыні праўлення, таксама нарыхтоўваецца іншая дзікарослая прадукцыя, у тым ліку чарніцы і буякі. На буякі сезон яшчэ толькі пачынаецца, таму цэны зараз завышаныя, аднак яны ўжо карэкціруюцца.

Цяпер прадаўжаецца закупка маладой бульбы — ад рубля 10 капеек да 2 рублёў 25 капеек.

Актыўна развіваецца ў сістэме спажывецкай кааперацыі і мабільны гандаль. Дастаўку прадуктаў харчавання і тавараў паўсядзённага попыту ажыццяўляюць у невялікія сельскія пункты 470 аўтакрам Белакаапсаюза.

— Нашы аўтакрамы абслугоўваюць больш за 420 тысяч чалавек, якія пражываюць у 12,6 тысячы населеных пунктах, — праінфармаваў Віктар Каралёў. — Акрамя таго, у вясенне-летні перыяд у графікі маршрутаў аўтамагазінаў дадаецца яшчэ каля 800 садоўніцкіх таварыстваў і дачных кааператываў. Мы абслугоўваем каля 4600 населеных пунктаў, з насельніцтвам менш за 10 чалавек.

Працягласць асобных маршрутаў аўтакрам, якія ахопліваюць за рэйс 16–18 вёсак, даходзіць да 200 кіламетраў. Толькі за 2025 год прабег такіх машын перавысіў 13,5 мільёна кіламетраў. Віктар Каралёў акцэнтаваў, што ў вялікіх вёсках для зручнасці жыхароў, многія з якіх пажылога ўзросту, аўтакрама можа рабіць па некалькі прыпынкаў. 

Сёння ў спажывецкай кааперацыі краіны працуе больш за 29 тысяч чалавек. Кааператары прадстаўляюць цэлы комплекс паслуг у кожным рэгіёне, абслугоўваючы ўсё сельскае насельніцтва. Падлічана, што больш за тры мільёны чалавек карыстаюцца паслугамі гэтага саюза. Прынятыя меры і аказаная з боку дзяржавы дапамога дазволіла спыніць негатыўную тэндэнцыю зніжэння аб’ёмаў гандлю, адзначыў Віктар Каралёў.

Сяргей КУРКАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю