Top.Mail.Ru
191

Бельская: Адмова ад наладжаных шматбаковых адносін у перамяшчэнні мігрантаў можа выклікаць сумныя наступствы

Заходнія суседзі Беларусі адмовіліся ад дыялогу і супрацоўніцтва, заблакіраваўшы ў аднабаковым парадку шматгадовае ўзаемадзеянне з нашай краінай. Гэта адзначыла пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Ларыса Бельская, выступаючы 7 кастрычніка на 76-й сесіі Выканкама Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў (УВКБ ААН). Аб гэтым паведамляе БелТА.


Дэлегацыя Беларусі выказала ўдзячнасць Вярхоўнаму камісару па справах бежанцаў Філіпа Грандзі за грунтоўны даклад, высока ацаніўшы яго шматгадовае лідарства, асабісты ўклад у дзейнасць упраўлення і намаганні па ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва.

«Сучасныя крызісныя з’явы, якія праяўляюцца ў катастрафічным росце вымушаных перамяшчэнняў, — гэта вынікі ўзброеных канфліктаў, росту глабальнай няроўнасці і, як сказаў камісар Грандзі, адмовы ад такіх падыходаў, як супрацоўніцтва і кампраміс, — падкрэсліла Ларыса Бельская. — Адмова ад наладжаных шматбаковых і двухбаковых адносін у пытаннях змешаных міжнародных перамяшчэнняў бежанцаў і мігрантаў ператварае гэтыя перамяшчэнні ў хаос і можа выклікаць сумныя наступствы, асабліва для слабаабароненых».

Яна звярнула ўвагу, што Беларусь назірае гэтыя наступствы на сваёй заходняй граніцы з Еўрапейскім саюзам вось ужо 5 гадоў.

«Нашы заходнія суседзі адмовіліся ад дыялогу і супрацоўніцтва, заблакіраваўшы ў аднабаковым парадку шматгадовае ўзаемадзеянне з Беларуссю і скаардынаванае сумеснае рэагаванне на паток мігрантаў і бежанцаў, — прадоўжыла беларускі дыпламат. — Замест гэтага яны будуюць агароджы, практыкуюць жорсткае сілавое выцясненне вымушаных перасяленцаў і патэнцыяльных прасіцеляў прыстанішча, беспадстаўна абвінавачваючы нас у „вепанізацыі“ і інструменталізацыі бежанцаў і мігрантаў. Іх дзеянні суправаджаюцца парушэннем правоў чалавека і гібеллю людзей, вымушаных пакінуць свае дамы ў пошуках бяспекі і лепшага жыцця».

Ларыса Бельская прывяла лічбы: «За 4 гады беларускія праваахоўнікі задакументавалі больш за 80 выпадкаў смерцяў вымушаных перасяленцаў у выніку гвалтоўных дзеянняў сілавых структур нашых заходніх суседзяў. Беларусь заклікае УВКБ удзяляць больш увагі гэтай праблеме, аналізаваць факты парушэнняў і садзейнічаць іх прадухіленню».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю