Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Ларыса Бельская 17 чэрвеня прыняла ўдзел у дыскусіі ў час 62-й сесіі Савета ААН па правах чалавека, паведамляе БелТА.
Дыскусія датычылася свабоды меркаванняў і іх свабоднага выказвання. Беларускі дыпламат, каменціруючы даклад спецыяльнага дакладчыка Савета па правах чалавека ААН Ірэн Хан і закранаючы тэму рэалізацыі права на свабоду меркаванняў у лічбавую эпоху, звярнула ўвагу на адсутнасць у дакладзе ацэнкі праблемы няроўнасці, якая пагаршаецца нежаданнем развітых дзяржаў дзяліцца тэхналогіямі.
Менавіта гэта няроўнасць дала магчымасць сфарміравацца невялікай групе ўплывовых алігархаў, платформ, кампаній і ўрадаў, якія спрыяюць крызісу свабоды слова. «Гэта група імкнецца дыктаваць свае ўмовы, саманадзейна і актыўна пашырае празаходнія наратывы і парадак дня ў пытаннях правоў чалавека, — звярнула ўвагу Ларыса Бельская. — У гэту логіку імкнення дамінаваць упісваюцца адвольныя выдаленні з платформы YouTube каналаў буйнейшых беларускіх СМІ — Беларускага тэлеграфнага агенцтва, Агульнанацыянальнага тэлебачання и Сталічнага тэлебачання».
Прадстаўнік Беларусі звярнула ўвагу спецыяльнага дакладчыка на гэты факт грубага парушэння права свабодна шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, якое закранула мільёны людзей. «Чакаем рэагавання, ацэнак і рэкамендацый у адносінах да практычных мер па недапушчэнні такіх інцыдэнтаў і аднаўленні парушаных правоў», — заявіла Ларыса Бельская.
Акрамя таго, Ларыса Бельская выступіла на інтэрактыўным дыялогу па дакладзе спецдакладчыка па пытанні аб пазасудовых пакараннях, пакараннях без належнага судовага разбору або адвольных пакараннях.
Беларускі дыпламат адзначыла, што ў ходзе ўзброенага канфлікту, які палае побач з Беларуссю, назіраецца ўсё больш наўмысных удараў Узброеных сіл Украіны па грамадзянскім насельніцтве. «Бачым ва ўдарах, якія цягнуць наўмыснае пазбаўленне жыццяў грамадзянскага насельніцтва ў Расіі, у тым ліку дзяцей, прыкметы дзеянняў, якія падпадаюць пад вызначэнне адвольных пакаранняў, — сказала Ларыса Бельская. — На тэрыторыі Бранскай вобласці Расіі ў выніку атакі ўкраінскага ўдарнага дрона на беларускі грамадзянскі аўтобус загінула цяжарная жанчына і пацярпелі больш як 40 чалавек, уключаючы 28 дзяцей, некаторыя знаходзяцца ў цяжкім стане. Сведчанні паказваюць на наўмыснасць атакі. Мы абураны гэтым грубейшым парушэннем міжнароднага гуманітарнага права. Лічым, што цынічнае свядомае нападзенне на мірных грамадзян павінна стаць прадметам неадкладнага і аб’ектыўнага расследавання і атрымаць належную ацэнку, у тым ліку ад міжнародных праваабарончых структур».
«Такія тэрарыстычныя метады не павінны замоўчвацца», — заявіла пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь.