З 14 па 21 кастрычніка ў Беларусі святкуюць Тыдзень бацькоўскай любові. Напярэдадні Белстат падрыхтаваў статыстычныя партрэты сучасных бацькоў нашай краіны.
На 1 студзеня 2026 года ў краіне пражываюць больш за 4 мільёны жанчын ва ўзросце ад 18 гадоў — гэта 55,1 % ад усіх дарослых. Мужчын — амаль 3,3 мільёны, або 44,9 %.
Сярэднестатыстычная мама ў Беларусі — беларуска, замужняя гараджанка, якая выхоўвае дваіх дзяцей. У яе вышэйшая або сярэдняя спецыяльная адукацыя, працуе часцей за ўсё ў сферы гандлю або адукацыі. Тата — таксама беларус, жанаты, гараджанін, выхоўвае дваіх дзяцей. Яго адукацыя падобная, а вось сфера дзейнасці — апрацоўчая прамысловасць або будаўніцтва.
Сярэдні ўзрост жанчыны пры нараджэнні дзіцяці ў 2025 годзе склаў 30,5 года. Першынца беларускі нарадзілі ў сярэднім у 27,6 года. Што да чарговасці, то 40 % дзяцей з’явіліся на свет першымі, 34 % — другімі, а 26 % — трэцімі і наступнымі.
У 2025 годзе ў Беларусі было зарэгістравана больш за 52 тысячы шлюбаў. Жанчын, якія ўпершыню выйшлі замуж, — 61,6 %, сярэдні ўзрост нявесты склаў 26,7 года. Паўторна ўступілі ў шлюб 38,4 % прадстаўніц прыгожага полу, іх сярэдні ўзрост — 40,5 года. У мужчын карціна падобная: 65 % ажаніліся ўпершыню, у сярэднім у 29 гадоў, а 35 % — паўторна, у 43,4 года.
Па даных перапісу 2019 года, у Беларусі налічвалася больш за 2 мільёны 612 тысяч сем’яў. З іх 43,7 % мелі дзяцей маладзейшых за 18 гадоў. Сярод такіх сем’яў 57,3 % выхоўвалі адно дзіця, 33,5 % — дваіх, а 9,2 % — траіх і больш.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА