У жанчын на адну гадзіну менш вольнага часу, чым у мужчын. Пра гэта расказала на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі Наталля Тарасюк, паведаміла БелТА.
Раз на 10 гадоў органы беларускай статыстыкі праводзяць абследаванне бюджэту часу насельніцтва. «Тут ёсць цікавыя нюансы. Апошнія атрыманыя даныя дазваляюць убачыць асаблівасць размеркавання часу паміж жанчынамі і мужчынамі, асабліва калі ў сям’і ёсць дзеці. Час на аплатную працу ў жанчын у такіх сем’ях складае ў сярэднім на чвэрць менш, чым у мужчын», — патлумачыла Наталля Тарасюк.
Пры гэтым на неаплатную працу па вядзенні хатняй гаспадаркі, догляд членаў сям’і, мужа, дзяцей, затрачваецца жанчынамі амаль у два разы больш, чым мужчынамі. «Калі скласці гэтыя аспекты, гэтыя віды дзейнасці, то агульная працоўная нагрузка ў жанчын аказваецца вышэйшай, чым у мужчын. Яны працуюць у сярэднім 10 гадзін у дзень, а мужчыны — на гадзіну менш. Адпаведна, калі мы ўлічваем такія аспекты, як сон, догляд сябе і іншыя нейкія паўсядзённыя патрэбы мужчын і жанчын, то ў выніку вольнага часу ў жанчын на адну гадзіну менш, чым у мужчын», — падагульніла намеснік старшыні.