У Беларусі сярэдні заробак настаўнікаў перавышае 2,5 тысячы рублёў, гаворыцца ў аглядзе Нацыянальнага статыстычнага камітэта да Дня ведаў.
За апошні год заработная плата школьных педагогаў вырасла амаль на чвэрць — на 23,3%. У ліпені яна склала 2526,4 рубля, наблізіўшыся да сярэдняга заробку па рэспубліцы.
У аглядзе таксама гаворыцца, што на аднаго настаўніка, як і раней, у краіне прыпадае 11 вучняў. У гарадскіх школах нагрузка на выкладчыкаў крыху большая: 12 дзяцей на аднаго педагога. А ў сельскіх установах агульнай сярэдняй адукацыі гэты паказчык у два разы меншы — 6 вучняў.
Паводле статыстыкі, найбольш настаўнікаў выкладаюць замежную мову — 18,8% сярод усіх выкладчыкаў-прадметнікаў. На другім месцы — матэматыка (10,7%). У топ-5 таксама праходзяць беларуская мова і літаратура (9,9%), руская мова і літаратура (9,9%), а таксама фізкультура (9,8%).
Як і раней, у школах і гімназіях працуюць у асноўным настаўнікі-жанчыны — 83,2% ад агульнага выкладчыцкага складу.