Top.Mail.Ru
212

«Белтэлекам» стане ўдзельнікам рынку сотавай сувязі ў 2026 годзе

Гэтую навіну паведаміў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю прадпрыемства, генеральны дырэктар «Белтэлекама» Аляксей Івашкін.


Праект сотавай сувязі з’яўляецца для кампаніі стратэгічным. Запуск мабільнага напрамку намечаны на наступны год. «Распрацавалі стратэгію і пачалі яе рэалізацыю. Доўга ішлі да рашэння праекта. Разглядалі абсалютна ўсе варыянты развіцця сотавай сувязі менавіта як мабільная сувязь ад „Белтэлекама“. Разумеем важнасць гэтага кірунку. Абаненты хочуць канвергентных паслуг, каб у адным пакеце была і фіксаваная, і мабільная сувязь». 

Кіраўнік кампаніі адзначыў, што цяпер праводзіцца мадэрнізацыя сетак, закупляецца «ядро». «Працуем з „беларускімі воблачнымі тэхналогіямі “ — гэта наш інфраструктурны аператар, які аказвае доступ да сетак 4-га, 5-га пакалення для вызначэння камерцыйных умоў. Як толькі ўсё будзе гатова, мы выходзім на рынак», — дадаў Аляксей Івашкін.

Усе супрацоўнікі кампаніі імкнуцца да таго, каб працэс прайшоў максімальна аператыўна, але пакуль не вядома, завершыцца ён у пачатку або ў сярэдзіне года. Запуск мяркуецца ў некалькі этапаў. На першым, хутчэй за ўсё, сфарміруюць пакетную прапанову па перадачы дадзеных. «За гэты час будзем адбудоўваць сетку, каб не было праблем. Пасля запусцім другі этап — галасавую сувязь. Плюс ёсць у кішэні некалькі козыраў, — адзначыў генеральны дырэктар „Белтэлекама“. — Спадзяемся, што ў нас будуць канкурэнтныя перавагі перад дзейнымі аператарамі электрасувязі». 

Таксама «Белтэлекам» бачыць перспектывы ў мадэрнізацыі інфраструктуры цэнтраў апрацоўкі дадзеных, аказанні паслуг кібербяспекі, развіцці інавацыйных прадуктаў для бізнес-сектара і разумнага горада. Асаблівая ўвага надаецца нарошчванню ІТ-кампетэнцый і тэхналогіях штучнага інтэлекту — як для аптымізацыі ўнутраных працэсаў, так і для паляпшэння якасці абслугоўвання кліентаў.

Сяргей КУРКАЧ.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю