Таленавітым спалучэннем лірычнай мелодыі і пяшчотнай паэзіі радуе гледачоў новы цыкл канцэртаў «Стиха и музыки творенье...». Першая праграма цыкла «Белы перазвон» прысвечана рускай паэзіі ХІХ — пачатку ХХ стст. у музычным прачытанні кампазітараў Беларусі і Расіі.
Адкрылі новы цыкл канцэртаў Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь (мастацкі кіраўнік і дырыжор — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Міхайлава) і акцёр, рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі.
Сёння рэпертуар хору вылучаецца разнастайнасцю і багатым напаўненнем: шэдэўры сусветнай класічнай музыкі (І. С. Бах, А. Вівальдзі, В. А. Моцарт, Л. Бетховен, Ф. Шуберт і інш.), беларуская музыка XVI–XVIII стагоддзяў (Ц. Базілік, Я. Брандт, Рыфматворны псалтыр С. Полацкага, творы ананімных аўтараў), руская духоўная музыка (С. Рахманінаў, П. Часнакоў, Б. Беразоўскі), сучасная беларуская і замежная музыка (М. Ясінскі, А. Літвіноўскі, А. Бандарэнка і інш.).
Аднак класічнымі творамі калектыў не абмяжоўваецца. Хор пашырае свае магчымасці і прадстаўляе публіцы арыгінальныя сачыненні ў жанрах харавога тэатра і мюзікла-прытчы («Плошча Якуба Коласа», «Апокрыф», «Пачакай, Сонца!», «Песні пра долю»), міні-оперу Д. Шастаковіча «Антыфармалістычны раёк», музычны спектакль «Цень» па аднайменнай п’есе Я. Шварца.
У рэпертуарты хору таксама шырока прадстаўлены апрацоўкі беларускіх народных песень, джазавай і папулярнай музыкі. Яркімі работамі сталі «Негрыцянскі спірычуэлс і джаз» сумесна з дырыжорам Айра Сполдынгам (ЗША) і джаз-бэндам «Apple Tea», канцэрт з рок-выканаўцам Валерыем Кіпелавым і інш.
Новы цыкл канцэртаў «Стиха и музыки творенье...» дае магчымасць сягнуць у цудоўны свет камернай вакальнай лірыкі, якая ўжо на працягу некалькіх стагоддзяў застаецца для кампазітараў своеасаблівым дзённікам, дзе з дапамогай музыкі можна адлюстраваць самае патаемнае.
Праграма «Белы перазвон» — не проста канцэрт, а своеасаблівы спектакль, дзе няма сюжэта, але ёсць цэласнасць і захаваны ўсе законы драматургіі. У ролі паэта выступае акцёр і рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі. У яго выкананні прагучалі творы вядомых рускіх класікаў Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна, Міхаіла Лермантава, Мікалая Някрасава, Фёдара Цютчава і іншых. Голасам паэта стаў Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, а ролю струн душы ўзялі на сябе выканаўцы Вольга Сержанкова (цымбалы) і Варвара Царук (клавесін). Вытанчаныя дэкарацыі стварылі спрыяльную атмасферу для поўнага паглыблення ў чароўны свет музыкі, дзе кожная нота расказвае сваю ўнікальную гісторыю. Асноўная тэма праграмы — раскрыццё глыбокіх чалавечых пачуццяў на фоне прыгожай прыроды, якая дапамагае герою зразумець сябе і сваю існасць.
Адкрыла праграму кампазіцыя «Таемныя думкі» на музыку Сяргея Смірнова і словы Апалона Майкава. Спакойная і пяшчотная мелодыя сфарміравала неабходны эмацыянальны фон. Рытм твора стварае ілюзію размовы паміж музыкай і паэзіяй. Працягвае інтымную, лірычную атмасферу твор «Нам зоркі ціхмяныя ззялі» на словы Аляксея Пляшчэева і музыку Віктара Каліннікава. Амаль усе кампазіцыі Каліннікава вылучаюцца глыбінёй, спакоем і гармоніяй. Кампазітар імкнецца адлюстраваць прыгажосць навакольнага свету, а паэзія Пляшчэева, напоўненая ціхім сузіраннем прыроды, дапамагае раскрыць самыя тонкія адценні лірычнай мелодыі.
Драматычны настрой надае праграме твор Сяргея Танеева на вершы Якава Палонскага «Паглядзі, якая імгла». Выразны музычны рытм стварае атмасферу напружанасці, дзе кожны элемент развівае асноўную тэму кампазіцыі.
Зусім іншым настроем прасякнута кампазіцыя «Нас вяселіць ручай» (музыка Аляксандра Грачанінава на словы Мікалая Някрасава). Яркая і радасная мелодыя, яе энергічны тэмп адлюстроўвае цячэнне хуткага ручайка. Музыка перадае прыродныя гукі, а тэкст Някрасава — настрой.
Не абмінулі ўвагай выканаўцы і творчасць класіка рускай літаратуры Аляксандра Пушкіна. У выкананні Дзяржаўнага камернага хору прагучалі кампазіцыі на вершы паэта «Рэха» (музыка Аляксея Туранкова), «Калі жыццё цябе падмане» (музыка Аляксандра Аляб’ева).
Кульмінацыяй праграмы стаў менуэт з «Сюіты ў старадаўнім стылі» Альфрэда Шнітке. Тон кампазіцыі задалі Вольга Сержанкова і Варвара Царук. Тут напоўніцу праявіўся акцёрскі і драматургічны талент Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь.
Спадзяёмся, што цыкл «Стиха и музыки творенье...» яшчэ доўга будзе радаваць слухачоў чароўным сінтэзам музыкі і паэзіі.
Фота аўтара