Top.Mail.Ru

Беражлівыя адносіны да прыроды — устойлівае выкарыстанне

Стартаваў XVIII Рэспубліканскі экалагічны форум.


Форум, арганізаваны Мінпрыроды ў супрацоўніцтве з Мінаблвыканкамам, — адна з ключавых падзей года ў сферы аховы навакольнага асяроддзя і зялёных тэхналогій. Сёлета гонару прымаць яго быў удастоены Дзяржынскі раён.  

photo_2025-08-22_14-27-15 (2).jpg

Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця форуму міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк, экалагічны парадак дня надзейна замацаваўся ў ліку ключавых стратэгічных кірункаў дзяржаўнай палітыкі Беларусі. Ён падкрэсліў, што наша будучыня залежыць ад таго, наколькі адказна мы будзем ставіцца да прыроды сёння.

— Наш форум стаў унікальнай платформай для кансалідацыі розных груп грамадства з мэтай вырашэння пытанняў аховы навакольнага асяроддзя і заслужана заваяваў рэпутацыю аўтарытэтнай пляцоўкі, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў улады, бізнесу, навукі і грамадскіх арганізацый, дзе фарміруюцца ключавыя рашэнні па экалогіі і ўстойлівым развіцці нашай краіны. Упэўнены, што наша сустрэча на гасціннай Дзяржынскай зямлі стане новым этапам эфектыўнага супрацоўніцтва ў справе аховы навакольнага асяроддзя і натхніць усіх яе ўдзельнікаў на новыя здзяйсненні на карысць нашай Радзімы, — сказаў Сяргей Масляк.

Міністр нагадаў аб гісторыі форуму і падкрэсліў, што многія пытанні, якія абмяркоўваліся на першым мерапрыемстве, у далейшым увасобіліся ў змяненнях у нарматыўна-прававыя акты і вырашаліся на ўзроўні Мінпрыроды і яго ведамстваў.

photo_2025-08-22_14-27-15.jpg

Паводле слоў намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандра Ільясевіча, экалагічная тэматыка сёння актуальная як ніколі. Мінская вобласць не застаецца ў баку ад гэтых глабальных праблем:

— Мы выдатна ўсведамляем сваю адказнасць перад будучымі пакаленнямі і прыкладаем значныя намаганні для захавання і паляпшэння экалагічнай сітуацыі ў рэгіёне.

Сёлета на форум зарэгістравалася больш за 400 чалавек. Цэнтральнай падзеяй першага дня яго работы стала пленарнае пасяджэнне «Кліматычная парадак дня рэгіёнаў Беларусі: курс на цыркулярную эканоміку». Адбыўся круглы стол, падчас якога спецыялісты і эксперты прыродаахоўных ведамстваў, навуковых арганізацый абмеркавалі актуальныя пытанні стану паверхневых водных аб’ектаў у краіне і праблемы іх аховы, рацыянальнага выкарыстання. Працавалі і тэматычныя дыялогавыя пляцоўкі. Упершыню ў рамках форуму прэзентавалі свой вопыт звыш 45 спікераў: прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, навуковых колаў, вядучых ВНУ, дэлегаты краін — удзельніц ЕАЭС, эксперты міжнародных арганізацый.

photo_2025-08-22_14-27-16.jpg

У рамках першага дня работы форуму адбылася ўрачыстая закладка алеі, прайшлі разнастайныя акцыі, экаконкурсы, пазнавальныя гульні, майстар-класы, экакірмаш... Асаблівую ўвагу ўдзялілі мерапрыемствам для дзяцей і моладзі. У прыватнасці былі разгорнуты інтэрактыўныя пляцоўкі «Зялёных школ» і падведамных Мінпрыроды арганізацый, на якіх юныя наведвальнікі змаглі на час стаць метэаролагамі, хімікамі і геолагамі.

Александрына ПАРШЫНА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю