Top.Mail.Ru

Бесклапотны вольны час і надзейная бяпека — складнікі вясёлага адпачынку дзяцей у выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Нёман»

У свае дваццаць з невялікім паехаць працаваць на адзін дзень у выхаваўча-аздараўленчы дзіцячы лагер «Нёман», што ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, — як быццам ідэальная магчымасць вярнуцца ў свае школьныя гады. Так тут весела і бесклапотна, а яшчэ літаральна адусюль гучаць дзіцячы смех і лепет. Што яшчэ вельмі важна: дзеці і падлеткі заўсёды знаходзяцца пад наглядам дарослых. А бацькам, значыць, перажываць няма чаго. Вольны час і бяспека арганізаваныя, а дзеці і рады. Мы ў гэтым пераканаліся!

Праграма — максімум

Кожная змена ў «Нёмане» — тэматычная, на гэты раз у яе аснове грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, расказала дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі Таццяна АЖГІРЭВІЧ. Цяпер тут адпачываюць 134 дзіцяці ўзросту ад 6 да 16 гадоў. У асноўным усе мясцовыя, але некаторыя хлопцы і дзяўчаты прыязджаюць з Мінска, Барысава і іншых гарадоў цэнтральнага рэгіёна.

З першага дня знаходжання ў лагеры для дзяцей падрыхтаваная праграма-максімум: яны ствараюць баявыя лісты, удзельнічаюць у акцыях і майстар-класах, інтэрактыўных гульнях, квізах, брэйн-рынгах, батлах і розных спаборніцтвах. І гэта яшчэ нават не поўны пералік заняткаў.

Тэрыторыя дазваляе ўсе гэтыя актыўнасці камфортна размясціць: на 6,3 гектара зямлі ёсць жылы будынак, на першым паверсе якога размешчаныя харчовы і медыцынскі блокі, а на другім і трэцім — жылыя пакоі, рэкрэацыі для правядзення тэматычных мерапрыемстваў, кіназала. Кампактна, затое ўсё патрэбнае пад бокам! Непадалёк ад гэтага корпуса зручна размясціліся невялікая дзіцячая і спартыўная пляцоўкі.


Калі надвор’е дазваляе, усе магчымыя мерапрыемствы тут імкнуцца праводзіць на свежым паветры. Калі мы прыехалі, напрыклад, дзеці былі занятыя «гарачай бульбай», а падлеткі спаборнічалі за перамогу ў піянерболе. Нам, калі шчыра, таксама хацелася далучыцца, але час быў абмежаваны. Наогул, на гэтай змене, адзначыла кіраўніцтва, дзеці вельмі любяць спорт і рухомыя гульні. Ужо прайшла спартландыя і ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца» сумесна з суседнім выхаваўча-аздараўленчым лагерам імя Я. М. Чайкі.

Тры выхавальнікі, педагог-арганізатар, інструктар па фізічнай культуры і здароўі, сацыяльны педагог, псіхолаг — такім штатам укамплектаваны «Нёман» на кожны з атрадаў. Наконт бяспекі тут створаны сапраўды вельмі добрыя ўмовы: арганізаваны прапускны рэжым, кругласутачна дзяжураць работнікі РАУС, на варце бяспекі па чарзе і выхавальнікі, нават у начны час. А яшчэ на ўсёй тэрыторыі лагера ўстаноўлены відэакамеры.


Дзе жывуць і ці смачна кормяць?

Праслухаўшы невялікую інфармацыю, мы адправіліся даследаваць тэрыторыю. Першае, што зацікавіла: у якіх умовах дзеці жывуць і ці смачна кормяць? Убачыўшы меню на дзень, захацелі самі есці: на сняданак — каўбаска з макаронай, з напояў — чай, на абед — суп, плоў і салата з агародніны. Пра смачны падвячорак і дзве вячэры нават гаварыць не буду. Размаўляючы з дзецьмі, кожны сказаў: кормяць, як дома! Кухар Алена ШЧОРС працуе ў лагеры ўжо 18 гадоў. «Дзеці асабліва любяць супы, курыныя катлеты і піцу, — з усмешкай адзначыла жанчына. — Наогул, сапраўды, меню ў нас вельмі разнастайнае. І смачныя стравы, таму што ўкладваем у іх душу».

Падымаемся на другі паверх і накіроўваемся ў госці да маленькіх жыхароў. Пражыванне для дзяцей арганізаванае па блоках — у кожным па два пакоі і санвузел з душам для шасці чалавек. Чыста, акуратна і нічога лішняга.

«За парадак адказваюць у нас дзеці! Некаторыя, бывае, прыязджаюць і чагосьці не ўмеюць — мы вучым. Вынесці смецце, заправіць ложак, скласці акуратна свае рэчы — гэта штодзённы абавязковы рытуал. Калі дзіцяці малодшага ўзросту цяжка самому справіцца з задачай, мы прыходзім на дапамогу», — падзялілася выхавальнік Хрысціна КАЧАНОВІЧ.

Дзяўчына калісьці яшчэ школьніцай прыязджала ў «Нёман» адпачываць, а цяпер працуе тут.

«Дзіцячы лагер падыдзе тым, хто шчыра любіць дзяцей, — падзялілася назіраннямі выхавальнік. — У мяне цяпер 25 дзяцей-падлеткаў. Уявіце сабе, у іх ужо ёсць сваё меркаванне, прынцыпы, з якімі трэба лічыцца. Калі ты з дзецьмі на адной хвалі — стараешся зразумець і іх, але пры гэтым умееш праявіць строгасць, дзе трэба, — усё будзе добра. Даверная сувязь у мяне з імі на гэтай змене наладжаная, нават самі прыходзяць, дзеляцца нейкімі ўражаннямі, эмоцыямі, просяць даць параду. Гэта дарагога варта».


«Я заўсёды прашу маму набываць мне сюды пуцёўкі»

12-гадовая Алёна БОРДЗІК родам са Стоўбцаў, у гэты лагер прыехала ўпершыню з сяброўкамі-аднакласніцамі — Варай і Ксюшай. «Мне тут вельмі падабаецца, — падзялілася ўражаннямі ад адпачынку дзяўчынка. — З сябрамі дамовіліся загадзя, што прыедзем на гэту змену разам».

Пытаюся, якое з мінулых тут мерапрыемстваў ёй больш за ўсё запомнілася. «Маляваць пяском, — здзівіла мяне адказам Алёна. — А на тэлевізары адлюстроўвалася наша творчасць. Гэта вельмі цікава».

Бацькі прыязджаюць, каб убачыцца з дачкой кожны дзень, — ёй так спакайней, прызнаецца дзяўчынка. «Без іх не прывыкла пакуль што! Хоць пяць хвілін пабыць разам» — з доляй сарамлівасці гаворыць яна.

У «Нёман» наша маленькая суразмоўніца хацела б вярнуцца ў будучыні яшчэ раз. «Мне тут вельмі спадабалася, хоць я адпачывала ў розных дзіцячых лагерах».

На памяць аб добра праведзеным часе ў Алёны застанецца майка, якая ўласнаручна была ўпрыгожана тэматычнымі дэталямі і надпісамі, — імёны выхавальнікаў, час, калі праходзіла змена, дэвіз, — якія дзяўчынка потым абавязкова ўспомніць з усмешкай.

Многія дзеці прыязджаюць у лагер з сябрамі, а нашы наступныя суразмоўцы — стрыечныя брат і сястра.

Мішу ГВАРДЗІЯНУ таксама 12, хлопчык у «Нёман» прыязджае са сталіцы штогод і не на адну змену, як гэта звычайна бывае, а на тры ці нават чатыры!

«Бацькі не супраць! Я заўсёды прашу маму набываць мне сюды пуцёўкі — яна пагаджаецца. Сюды мяне заахвоціў ездзіць старэйшы брат Данік, якому цяпер 18 гадоў, — ён таксама тут пастаянна быў. А ця-пер я!» — расказвае хлопчык.


«Ці не сумуеш па бацьках за лета?» — пытаюся я.

«Ёсць жа бацькоўскія дні, да мяне заўсёды на іх прыязджаюць», — коратка адказвае Міша.

Хлопчыку тут падабаецца цэлы пералік рэчаў: удзельнічаць у шоу пародый «Адзін у адзін», наведваць басейн, глядзець кіно... «І ежа вельмі смачная!» Алесі ЦАЛКО, сястры Мішы, 10 гадоў. «Прыязджаю заўсёды разам з братам, ужо не першы раз. 

З дзяўчатамі сябрую, з кім разам жыву, але бліжэй за ўсё — з Мішам. Ён аднойчы дамоў паехаў, калі захварэў, мне было неяк не па сабе», — прызналася дзяўчынка.

У школе, гаворыць яна, хапае спакойных заняткаў, а тут ёсць магчымасць павесяліцца, пабегаць, пагуляць з мячом — гэта тое, што Алесі падабаецца больш за ўсё.

«Ці прыедзеш яшчэ?» — запыталіся.

«Вядома!» — упэўнена адказала дзяўчынка.


Лічбы і факты

Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінскага аблвыканкама інфармуе, што летняя аздараўленчая кампанія 2026 года ў Мінскай вобласці праходзіць у рамках рэспубліканскай акцыі «Лета — гэта мы! Лета — для краіны!» пад дэвізам «Лови момент — подарит лето сто побед!».

Ключавая ідэя аздараўлення — грамадзянскасць і патрыятызм, гонар і павага да слаўных старонак мінулага і сучаснасці Беларусі, праслаўленне дзяржаўных сімвалаў нашай краіны, правядзенне мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года беларускай жанчыны.

У выхаваўча-аздараўленчых лагерах Мінскай вобласці плануецца аздаравіць больш за 58 тысяч непаўналетніх, у спартыўна-аздараўленчых — амаль сем тысяч дзяцей. Сярод іх 1672 — дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, 1154 — дзеці-інваліды.

Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю