Top.Mail.Ru

Бесперапынны цыкл. Колькі прадукцыі за год будзе вырабляць новы завод агракамбіната «Дзяржынскі»

Адзін з найбуйнейшых інвестпраектаў агракамбіната «Дзяржынскі» на фінішнай прамой — завод па перапрацоўцы нехарчовай сыравіны жывёльнага паходжання ў раёне Фаніпаля магутнасцю 80 тыс. т у год. З ходам яго рэалізацыі азнаёміўся Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, паведамляе БелТА.


Першы намеснік генеральнага дырэктара агракамбіната Павел Буцько расказаў, што завод прызначаны для перапрацоўкі сыравіны, якая застаецца пасля асноўнай вытворчасці. Ён складаецца з чатырох асобных ліній: першая займаецца перапрацоўкай адходаў пасля забою птушкі, другая — перапрацоўкай пяра, трэцяя — перапрацоўкай крыві, чацвёртая — перапрацоўкай усіх астатніх відаў мясных адходаў.

Лініі поўнасцю аўтаматызаваны, гэта сучасная вытворчасць, дзе задзейнічана каля 70 чалавек, уключаючы тэхнічных спецыялістаў, тэхнолагаў і лагістаў. «Частка спецыялістаў працавала ўжо на прадпрыемстве, паколькі раней мы займаліся падобнай дзейнасцю, а цяпер актыўна набіраем дадатковых», — расказаў Павел Буцько.


Завод узвялі за паўтара года, зараз ён гатовы на 98 % — ідзе пусканаладачная работа з пробнымі пускамі, электратэстамі і наладкай абсталявання. «Усё праходзіць паспяхова: зрабілі пробнае варэнне сыравіны, і яно прайшло нармальна. Поспех вызначаем па канчатковым прадукце — ён адпраўляецца на даследаванне, дзе пацвярджаюцца асноўныя параметры, што гарантуе далейшую беспраблемную работу», — звярнуў увагу першы намеснік гендырэктара.

Завод пабудаваны з перспектывай росту. У гэтым годзе плануецца выйсці на праектную магутнасць 60-65 %, поўная загрузка плануецца да 2030 года.


Пасля выхаду на поўную магутнасць плануецца вырабіць каля 29 тыс. т гатовай прадукцыі за год. Завод будзе выпускаць пяць асноўных відаў прадукцыі: пёравую, крывяную, мясную, мясакосную муку і кармавы тлушч. «Гэту сыравіну актыўна выкарыстоўваюць вытворцы кармоў для жывёл — як для драпежных, так і для сельскагаспадарчых відаў. Прычым гэта не гатовыя камбікормы, а інгрэдыенты для іх прыгатавання, кармавыя дабаўкі», — растлумачыў Павел Буцько.

На прадпрыемстве ўпэўнены ў попыце на прадукцыю: значную долю агракамбінат будзе спажываць сам, а рэалізацыя пойдзе як на беларускі рынак, так і на экспарт. «Завод адназначна ўзмацняе магутнасці прадпрыемства для поўнага вытворчага цыкла, павышаючы эканамічную эфектыўнасць канчатковага прадукту і бяспеку. Ён забяспечвае бесперапынны цыкл вытворчасці, вырашаючы праблему ўтылізацыі адходаў не толькі для нас, але і для Мінскай вобласці ў цэлым», — рэзюмаваў першы намеснік гендырэктара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю