Чалавек дасведчаны адразу адкажа — без бітуму. Гэты прадукт перапрацоўкі сырой нафты можна назваць стратэгічным у дарожным будаўніцтве — ён звязвае разам усе кампаненты сумесі асфальтабетону. Яго пры нашай праграме аднаўлення вялікіх і малых дарог трэба шмат. Да таго ж, смалістае рэчыва задзейнічана ў рамонце і ўладкаванні дахаў і гідраізаляцый. Зразумела, што ад яго якасці залежыць у тым ліку і бяспека ўдзельнікаў дарожнага руху. Мы накіраваліся на Чэрвеньскі нафтабітумны завод, дзе вырабляецца трэць бітуму ў краіне, каб даведацца, як робяць гэты важны кампанент, як павышаюць яго якасць. У Год добраўпарадкавання і пяцігодку якасці, абвешчаныя кіраўніком дзяржавы, працоўны калектыў прадпрыемства ставіць перад сабой асабліва шмат задач, звязаных з павышэннем якасці прадукцыі і мадэрнізацыяй вытворчасці.
Завод складаецца з...
З дырэктарам прадпрыемства Аляксандрам Храмцовым, які працуе на нафтабітумным заводзе ўжо больш за 20 гадоў і прайшоў шлях ад механіка да кіраўніка, мы сустрэліся паблізу вёскі Калеіна Чэрвеньскага раёна, дзе і размяшчаецца прадпрыемства. Па словах яго кіраўніка, у Беларусі аб’ём спажывання дарожных бітумаў складае 250–300 тысяч тон у год: «З іх нашым заводам у 2024 годзе было выраблена больш за 137 тысяч тон — гэта прыкладна трэць ад агульнай колькасці. Наколькі добрымі і бяспечнымі для язды будуць аўтадарогі, залежыць не толькі ад высакаякаснага будаўніцтва, але і ад таго, наколькі якасна выраблены бітум», — адзначыў Аляксандр Леанідавіч.

Прадпрыемства складаецца з двух цэхаў — бітумнага і цэха эмульсійна-палімерных вяжучых. Таксама ёсць уласныя выпрабавальная і даследчая лабараторыі з сучасным аўтаматычным абсталяваннем. У бітумным цэху праводзіцца папярэдняя падрыхтоўка сыравіны, якая падвозіцца чыгуначным і аўтамабільным транспартам. Цэх эмульсійна-палімерных вяжучых адказвае за вытворчасць эмульсій, мадыфікаваных бітумаў, гідраізаляцыйных і дахавых бітумных матэрыялаў. Што датычыцца даследчай лабараторыі (яна была арганізавана не так даўно — у 2024 годзе), то яе спецыялісты займаюцца падборам рэцэптур, распрацоўкай новых відаў прадукцыі і паляпшэннем якасці існуючай. Выпрабавальная лабараторыя ў сваю чаргу адказная за якасць гатовай прадукцыі, тут жа робяцца прамежкавыя аналізы.
Тэхналогіі вытворчасці — сучасныя
Працэс стварэння бітуму нам удалося ўбачыць на свае вочы. Спецыялісты ахвотна паказалі і расказалі, колькі працэсаў неабходна правесці для атрымання прадукту. Дарэчы, на прадпрыемстве сёння сумленна працуюць 128 чалавек. Інжынер-тэхнолаг Любоў Баканава — адна з іх, яна і стала нашым спадарожнікам.
На тэрыторыі завода ёсць аўтаматызаваная ўстаноўка вытворчасці вяжучых палімерных бітумных рэчываў з высокатэхналагічным млынам, які, па словах спецыяліста, забяспечвае раўнамерную дыфузію палімераў у агульнай масе. Ёсць і склады з гатовай прадукцыяй. Таксама нам паказалі, як выглядаюць рэзервуары для гудрону (сыравіны) і гатовага бітуму.
Асаблівую ўвагу аддалі цэнтру кіравання вытворчасцю — тут размешчаны пульт кіравання і кантролю. Па словах інжынера-тэхнолага, работа на прадпрыемстве не спыняецца ні на хвіліну.

Далей адправіліся ў выпрабавальную лабараторыю. Там нас сустрэла начальнік выпрабавальнай лабараторыі Юлія Сасіновіч, якая расказала, як будуецца рабочы працэс і правяла невялікую экскурсію па цэхах. «З бітумнай устаноўкі проба гудрону і цяжкіх нафтавых рэшткаў, якія атрымліваюцца пры перапрацоўцы нафты, паступае ў выпрабавальную лабараторыю. Там ёй прысвойваецца нумар пробы, які прасочваецца на працягу ўсяго вытворчага працэсу, — паведаміла спецыяліст. — Тут жа робяцца хадавыя аналізы — так званы ўваходны кантроль сыравіны, далей па меры акіслення ў калоне праводзяцца выпрабаванні на тэмператураразмякчэнне, наступны крок — пенетрацыя да гатовай прадукцыі. Затым рэчыва накіроўваецца ў дыспетчарскую для адгрузкі. Дарэчы, усе выпрабаванні над сыравінай праводзяцца намі на новым абсталяванні».
Даследчая лабараторыя, па словах Юліі Валер’еўны, была створана для паляпшэння якасці вырабленай прадукцыі. «Тут праводзяцца больш глыбокія выпрабаванні рэчыва. Ёсць магчымасць ажыццяўляць выпрабаванні бітуму па аб’ёмна-функцыянальным праектаванні — метад выпрабавання бітумнага вяжучага, які вызначае яго эксплуатацыйныя характарыстыкі ў залежнасці ад тэмпературнага дыяпазону. У гэтай лабараторыі таксама прадстаўлены рэометр дынамічнага зрушэння — ён неабходны для выпрабавання вяжучага бітуму (спачатку зыходнага, затым — састарэлага) на зрушвальную стомленасць, устойлівасць да яе. Менавіта тут праводзіцца і выпрабаванне пры нізкіх тэмпературах. Гэты працэс дазваляе адсачыць, як будзе сябе паводзіць рэчыва пры розных нагрузках і надвор’і», — дадала спецыяліст.
Ад якасці залежыць попыт

На прадпрыемстве адзначаюць, што з 2013 года тут функцыянуе сістэма менеджменту якасці, якая адпавядае СТБ ІSO 9001-2015. Акрамя таго, пастаянна мадэрнізуюцца працэсы вытворчасці і самі матэрыялы. Напрыклад, за апошнія гады распрацавалі новыя саставы для гідраізаляцыйных і дахавых работ. А сёлета завод пачаў выпускаць сумесі для ямачнага рамонту (халодны асфальт). Яшчэ працоўны калектыў актыўна ўзаемадзейнічае з «навукай». Нафтабітумны завод супрацоўнічае як з беларускімі ВНУ, так і з расійскімі, напрыклад, з РДУ нафты і газу (НДУ) імя І. М. Губкіна. Акрамя таго, спецыялісты штогод наведваюць канферэнцыі, выстаўкі, навучальныя курсы ў Беларусі і за мяжой. Сёлета прадпрыемствам быў арганізаваны навукова-практычны семінар «Роля бітумных вяжучых у даўгавечнасці асфальтабетонаў». У якасці спікераў запрасілі экспертаў з Санкт-Пецярбурга, а ў ролі слухачоў былі прадстаўнікі дарожных гаспадарак з усёй краіны. Асноўная мэта — навучанне супрацоўнікаў прадпрыемства (лабарантаў і спецыялістаў лабараторый) новым перспектыўным метадам выпрабаванняў бітумаў. Па словах дырэктара Аляксандра Храмцова, якасць прадукцыі залежыць ад мноства фактараў: «У краіне пастаянна вядзецца будаўніцтва новых аўтадарог, а таксама рэканструкцыя і мадэрнізацыя наяўнай дарожнай сеткі: не толькі магістраляў, але і мясцовых дарог. Для гэтага патрабуюцца вялікія аб’ёмы бітуму. І мы разумеем, што не толькі колькасць, але і якасць павінна быць на належным узроўні. На заводзе ўсё гэта ўмеюць — абсталяванне і тэхнічны працэс, высокая кваліфікацыя спецыялістаў, якасная сыравіна дазваляюць працаваць на належным узроўні. Станоўчым вынікам работы лічым попыт айчынных дарожнікаў і будаўнікоў на бітум і бітумныя матэрыялы. І ён ёсць».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота аўтара і дадзена прадпрыемствам