Пазіцыю Беларусі, звязаную з роляй ААН у станаўленні справядлівага светаўладкавання і ўнёскам дзяржаў — членаў ШАС у фарміраванне шматпалярнага свету, Аляксандр Лукашэнка агучыў падчас пасяджэння ў фармаце «ШАС плюс», галоўная тэма якога — «ААН як ключавы элемент справядлівага светаўладкавання: уклад дзяржаў ШАС плюс у фарміраванне шматпалярнага свету».
«Людзі ад нас чакаюць канкрэтных дзеянняў»
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў Кыргызстан з выбраннем непастаянным членам Савета Бяспекі ААН. У ініцыятыве старшынства абмеркаваць тэму ААН як ключавога элемента справядлівага светаўладкавання і ўнёсак дзяржаў сям’і ШАС у фарміраванне шматпалярнага свету Аляксандр Лукашэнка бачыць знак адказных адносін да гэтай высокай місіі.
Беларускі лідар падкрэсліў, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый унікальная сваім універсальным мандатам, шырокім складам, нацэленасцю на дыялог і выпрацоўку падыходаў, здольных максімальна ўлічыць інтарэсы ўсіх краін. «Нават самым малым дзяржавам трыбуна ААН дае шанц прыцягнуць увагу сусветнай супольнасці да сваіх праблем і папрасіць дапамогі ў іх вырашэнні. У гэтым сіла Арганізацыі», — упэўнены ён.
Разам з тым Прэзідэнт лічыць, што вельмі часта палітычныя рознагалоссі блакіруюць рэальны ўдзел ААН у вырашэнні несправакаваных узброеных канфліктаў, у тым ліку адносна адной з краін ШАС — Ірана. «Можна колькі заўгодна крытыкаваць Арганізацыю (ёсць за што), кіраўніцтва яе Сакратарыята, але трэба памятаць, што вынікі работы ААН перш за ўсё залежаць ад нас — дзяржаў-членаў», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў «шанхайскай сям’і» знаходзяцца чатыры члены Савета Бяспекі ААН: Расія, Кітай, Пакістан і Бахрэйн, з іх — два пастаянныя. У 2027 годзе замест Пакістана непастаянным членам стане Кыргызстан.
«Вы цудоўна ведаеце, наколькі вялікая доля краін ШАС у сусветным насельніцтве і эканоміцы, — звярнуў увагу беларускі лідар.
— Без членаў нашага аб’яднання немагчыма вырашэнне ніводнай глабальнай праблемы: ці гэта змяненне клімату, барацьба з эпідэміямі або стабілізацыя энергетычных рынкаў».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь разлічвае на эфект ад узмацнення ўзаемадзеяння ШАС і ААН. «Нам па сілах прасоўваць у сваім фармаце забуксаваўшыя ў Нью-Ёрку з-за процідзеяння Захаду рашэнні па такіх кірунках, як садзейнічанне міжнароднаму міру і бяспецы, барацьба з тэрарызмам, кіберпагрозамі і наркатрафікам», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць, што ў эканамічнай плоскасці ШАС здольна эфектыўна рэалізаваць «непрахадныя» сёння ў ААН ініцыятывы па барацьбе з аднабаковымі прымусовымі мерамі, стымуляванні ўзаемных інвестыцый, спрашчэнні мытных працэдур, развіцці лічбавай эканомікі і транспартнай узаемазвязанасці.
Беларускі лідар падкрэсліў, што, фарміруючы кансэнсус па тых або іншых тэмах на еўразійскай прасторы, ШАС стварае трывалы фундамент для аднаўлення паўнавартаснага глабальнага дыялогу. Ён звярнуў увагу на тое, што на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС, якое папярэднічала фармату «ШАС плюс», шмат гаварылася, што без Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва не павінны праходзіць найважнейшыя сусветныя мерапрыемствы.
«Мы ўсё гэта разумеем, гаворым, што ў нас нейкі „дух“ і гэтак далей, але гэтага мала, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Людзі ад нас чакаюць канкрэтных дзеянняў у кірунку шматпалярнасці. Час сыходзіць. Калі мы страцім час, то можам ператварыцца ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый у тым выглядзе, у якім яна існуе».
Разам з тым, як адзначыў Прэзідэнт, у перспектыве Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва можа выступіць каталізатарам аздараўлення ААН, вярнуць ёй статус пляцоўкі для вырашэння найбольш складаных агульнасусветных праблем, а не інструмента ў руках Захаду для націску на суверэнныя і незалежныя дзяржавы. «Але аб гэтым мы таксама баімся гаварыць чамусьці», — заўважыў ён.
«Гатовы дзейнічаць актыўна і мэтанакіравана»
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для абнаўлення ААН важныя не толькі персаналіі кіраўнікоў, а фарміраванне культуры міждзяржаўных паводзін, заснаваных на ўзаемнай павазе і дыялогу.
«Перакананы, свой унёсак у гэты працэс здзейсніць распрацоўка Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXІ стагоддзі, — заявіў Прэзідэнт. — На сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, якая мае адбыцца, будзе афіцыйна запушчаны перагаворны працэс па распрацоўцы хартыі. У практычным плане ён пачнецца ў сталіцы Беларусі ў лістападзе гэтага года на штогадовай Мінскай канферэнцыі па бяспецы. Карыстаючыся выпадкам, запрашаю вас на гэтую канферэнцыю».
На заканчэнне выступлення Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз пацвердзіў гатоўнасць Беларусі ўносіць уклад у работу ШАС, дзяліцца вопытам у прыярытэтных галінах супрацоўніцтва, умацавання ААН і фарміравання справядлівага і шматпалярнага светаўладкавання.
«Гатовы дзейнічаць актыўна і мэтанакіравана, чаго чакаем, скажу шчыра, і ад нашых лідараў, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт Беларусі. — Якія б мы ні былі тут раўнапраўныя, мы ж прызнаем, што ў нас ёсць тры наймагутнейшыя дзяржавы — Кітайская Народная Рэспубліка, Індыя, Расійская Федэрацыя. Магутныя ў эканамічных і рэсурсавых адносінах ядзерныя краіны. Чакаем ад іх найперш ініцыятывы. Гэтай ініцыятывы пакуль, на жаль, няма».
«Хацелася б, каб ШАС заняла сваё месца»
На палях саміту ШАС Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з кыргызскімі журналістамі.
У размове з прадстаўнікамі тэлеканала «Номад ТВ» Прэзідэнт адзначыў, што трэба ўважліва прыслухацца да таго, што гаварыў на саміце ў сваім выступленні Старшыня КНР Сі Цзіньпін. «Ён галоўныя рэчы сказаў, што без ШАС не можа быць ніякага целаруху ў свеце, — канстатаваў беларускі лідар. — Як некалі было, памятайце, без Савецкага Саюза ніколі не вырашалася ніводнае пытанне. Вось хацелася б, каб ШАС заняла сваё месца. І каб ніхто варухнуцца не мог у свеце без адабрэння або нейкага кіўка з боку Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Прыкладна такая была заява Сі Цзіньпіна, што перспектыва свету павінна вызначацца Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва. Мы да гэтага ўжо падышлі. Аб гэтым шмат гаворым. І насельніцтва ў нас велізарнае, і рэсурсы ў нас каласальныя ў Еўразіі і на тэрыторыі ШАС. А канкрэтных спраў у нас няшмат».
Аляксандр Лукашэнка на прыкладах растлумачыў, якія канкрэтныя справы мае на ўвазе. «Супраць дзяржаў ШАС уводзяцца фінансава-эканамічныя санкцыі, — заўважыў ён. — І што? Цішыня. Спрабуюць ЗША там прыдушыць Кітай пошлінамі — гандлёвая вайна. Яна не скончылася. І што? Больш за тое, здзейснена агрэсія супраць краіны-члена ШАС — Ірана. І што? Хоць бы па гэтых актуальных момантах рашэнне трэба было прымаць. Хаця б сабрацца, пагаварыць і асудзіць, паказаць сваю ролю. Гэтага, на жаль, не адбылося».
Паводле прэс-службы Прэзідэнта