Галоўныя асобы ў гэтыя дні — ветэраны Вялікай Айчыннай. Усе яны атрымаюць абавязковыя дзяржаўныя выплаты да Свята Перамогі, але галоўнае — будуць акружаны клопатам, увагай і яшчэ раз пачуюць словы падзякі ад нашчадкаў за свой подзвіг.
Як паведаміла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА, сёння ў нашай краіне жывуць 574 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. З іх 269 — удзельнікі і інваліды вайны, тыя, хто непасрэдна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у саставе Чырвонай Арміі, а таксама 146 працаўнікоў тылу, 156 блакаднікаў Ленінграда і 3 ветэраны, якія працавалі на аб’ектах СПА, узвядзенні абарончых збудаванняў. Яшчэ 5,5 тысячы жыхароў нашай краіны пацярпелі ад наступстваў вайны, 90 % з іх — былыя вязні канцэнтрацыйных лагераў і члены сем’яў загінулых ваеннаслужачых.
Сярэдні ўзрост удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны сёння складае 99 гадоў. Найбольшая колькасць ветэранаў жыве ў Мінску (93) і Мінскай вобласці (49). Самаму маладому з іх зараз 92 гады, а самая узроставая ўдзельніца нядаўна адзначыла 106-ы дзень нараджэння. Адметна, што ветэранаў і пацярпелых ад наступстваў вайны, якім ужо больш за 100 гадоў, налічваецца 250 чалавек — 40 % ад усіх доўгажыхароў у краіне (усяго ў Беларусі больш за 600 чалавек перасягнулі стогадовы ўзрост).
Важную ролю ў даўгалецці адыгрывае і якасць жыцця. Дзяржава сёння прыкладае ўсе намаганні для таго, каб ветэраны ні ў чым не мелі патрэбы. Намеснік міністра нагадала, што рашэннем Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў знак падзякі і павагі з 2021 года ветэранам Вялікай Айчыннай вайны штогод робяцца выплаты матэрыяльнай дапамогі да Дня Перамогі. Іх памеры ўстанаўліваюцца ўрадам, і сёлета ўсе ветэраны атрымаюць ад 2,5 да 5 тысяч рублёў, а былыя вязні фашызму і члены сем’яў загінулых ваеннаслужачых — 1,5 тысячы рублёў. Выплаты праходзяць з 4 да 8 мая і ахопяць больш за 6 тысяч чалавек. Усяго будзе выплачана 10,6 мільёна рублёў. Каля 60 % ветэранаў атрымліваюць матэрыяльную дапамогу праз пошту, а тыя, хто па стане здароўя не мае такой магчымасці, — з дастаўкай дадому ва ўрачыстай абстаноўцы.
Аднак клопат пра ветэранаў, ды і ў цэлым пра пажылых людзей не абмяжоўваецца святочнымі датамі. Да 1 красавіка органы сацыяльнай абароны па ўсёй краіне праводзілі масавае сацыяльнае суправаджэнне ветэранаў і выяўлялі ўсе іх патрэбы, запыты на сацыяльнае абслугоўванне, бытавую дапамогу і падтрымку.
Алена КРАВЕЦ