Top.Mail.Ru

«Бібліятэчны атлас»: фотавыставу-падарожжа па Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылі ў Мінску

Фотавыстава «Бібліятэчны атлас», прысвечаная 20-годдзю сучаснага будынка бібліятэкі адкрылася 19 мая ў галерэі «Атрыум» Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У экспазіцыі — фатаграфіі насычанага, актыўнага паўсядзённага жыцця бібліятэкі: чытальных залаў, рэстаўрацыйнай майстэрні, галерэй, спецыялізаваных фондаў і г.д.


Загадчыца сектара мастацкіх выставак Вікторыя Харытонава паведаміла, што ў экспазіцыі 44 здымка, выкананыя беларускім фатографам, членам беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў Валерыем Неўмяржыцкім.


— Гэты праект выкананы спецыяльна да юбілею бібліятэкі. Ён знаёміць з ёй як з героем сучаснага фотарэпартажу і дазваляе здзейсніць падарожжа ад уваходу ў дзіўны будынак да агляднай пляцоўкі на 23 паверсе, — адзначыла яна.


Паводле слоў Вікторыі Харытонавай, назва «Бібліятэчны атлас» вельмі сімвалічная, таму што фатаграфіі знаёмяць гледачоў з бібліятэкай як з асобным сусветам, а манахромнае рашэнне акцэнтуе ўвагу менавіта на архітэктуры, структуры, рытме, лініях, навігацыйнай эстэтыкі, паралелях і мерыдыянах, такім чынам адсылаючы да гравюры, якой ілюстравалі сярэднявечныя атласы.


Таксама яна дадала, што дзейнасць бібліятэкі вельмі актыўная і разнастайная:

— Усяго ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі больш за 10 млн. адзінак захоўвання, а з улікам кніжнай палаты больш за 15 млн. Да таго ж, штогод бібліятэку наведваюць сотні тысяч чалавек у ёй выстаўляюцца тысячы экспанатаў, праходзяць сотні мерапрыемстваў.


Патрапіць на выставу можна па чытацкім білеце або пропуску сацыякультурнага цэнтра да 28 чэрвеня.

Лізавета ГОЛАД, фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю