Народны паэт Чувашыі, якога добра ведаюць у Беларусі, пераклаў на сваю родную мову і выдаў кнігу лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага (1954 — 2021) «Белым кветам усцелены сад». На апошняй старонцы вокладкі ёсць надпіс: «Кніга выдадзена пры падтрымцы Героя Расіі М. Гаўрылава і другіх жыхароў Чувашыі, якія шчыра любяць Беларусь і беларускую літаратуру».
Некалькі дзесяткаў экзэмпляраў паэтычнага зборніка таленавітага беларускага творцы Валеры Тургай перадаў у Нацыянальную бібліятэку Чувашыі. Кнігу чытачы, наведвальнікі галоўнай у Чэбаксарах кніжніцы змогуць знайсці ў розных залах.
«У нас у Чувашыі працуе 26 раённых і гарадскіх бібліятэк, — расказвае Валеры Тургай, — і ў кожную з іх таксама патрапіць кніга майго беларускага сябра, з якім мяне звёў шчаслівы лёс. Гэты клопат — даніна памяці аб мастаку слова, які і сам быў уважлівы да чувашскай паэзіі. Менавіта Мікалай Міхайлавіч пераклаў на беларускую мову і выдаў асобнымі кнігамі і мае творы, і вершы Мішы Сеспеля, Юрыя Семяндэра. Зборнікі выйшлі ў серыі „Сябрына: паэзія народаў Расіі“. Прызнаюся, што зараз планую другое выданне чувашскага зборніка Міколы Мятліцкага. Хацелася б, каб кніга набыла болей шырокую вядомасць у нашым краі, паспрыяла шырэйшаму прыцягненню чытача да беларускай літаратуры, беларускай паэзіі».
Руплівая творчая праца паэта, перакладчыка, публіцыста Валеры Тургая — вялікі ўнёсак у развіццё беларуска-чувашскіх літаратурных сувязяў на сучасным этапе, сапраўдны трывалы мост літаратурнай дружбы і дыпламатыі паміж народамі і мастакамі слова Беларусі і Чувашыі.
Сяргей ШЫЧКО