Top.Mail.Ru
174

Білеты ў асноўныя музеі Францыі падаражэлі для турыстаў з краін па-за ЕС

Кошт білетаў у Луўр павялічыўся для гэтай катэгорыі наведвальнікаў да €32


Шэраг галоўных музеяў Францыі, у тым ліку Луўр і Версальскі палац, павысілі з 14 студзеня кошт уваходных білетаў для замежных турыстаў з дзяржаў, якія не ўваходзяць у Еўрапейскую эканамічную зону (Еўрасаюз, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія). Пра гэта сведчаць звесткі на сайтах музеяў.

Кошт білетаў у Луўр павялічыўся для гэтай катэгорыі наведвальнікаў на €10, да €32.

Білет у Версаль абыдзецца турысту з нееўрапейскім пашпартам у €27,5, што на €3,3 даражэй, чым для грамадзян ЕС. На €10 даражэй для замежнікаў цяпер каштуе і адзін з асноўных замкаў Луары — Шамбор. Кошт уваходнага білета складае €31.

Дзяржаўны цэнтр нацыянальных помнікаў павялічыў для грамадзян краін па-за ЕС кошт наведвання Святой капліцы на востраве Сітэ ў гістарычным цэнтры Парыжа, вядомай сваімі вітражамі і папулярнай у турыстаў.

Раней прадстаўнік вядучага французскага прафсаюза «Усеагульная канфедэрацыя працы» (CGT) Гары Гіё ў эфіры радыёстанцыі France Culture назваў рашэнне аб павышэнні кошту білетаў «няправільным і дыскрымінацыйным». Турысты падзяляюць яго меркаванне. Многія ў сацыяльных сетках скардзяцца, што ў Францыі і, у прыватнасці ў Парыжы, усё і так занадта дорага, а з павышэннем кошту білетаў падарожнічаць будзе яшчэ больш складана.

У студзені 2025 года прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон аб’явіў аб праграме абнаўлення Луўра пад назвай Louvre Nouvelle Renaissance («Новае адраджэнне Луўра»). Яе фінансаванне планавалася забяспечыць сярод іншага за кошт павышэння цаны білетаў для турыстаў з краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю