Top.Mail.Ru

Бiлеты на «лiстападаўскiя» фiльмы ўжо ў продажы

За шматгадовую гiсторыю Мiнскага мiжнароднага кiнафестывалю «Лiстапад» класiчную фразу «Цi няма лiшняга бiлецiка?» можна было пачуць не раз. Таму лепш уважлiва азнаёмiцца з праграмай форуму i загадзя набыць бiлеты на ўпадабаныя фiльмы.


Квiткi не «кусаюцца»

Цэны на бiлеты на фестывальныя паказы даволi дэмакратычныя, канстатаваў генеральны дырэктар УП «Кiнавiдэапракат» Мiнгарвыканкама Уладзiмiр КАРАЧЭЎСКI:

— Самыя дарагiя квiткi — на вячэрнiя паказы iгравога кiно, яны каштуюць 12 рублёў, а самыя танныя — на кароткi метр — 5 рублёў.

Кiраўнiк сталiчнага кiнавiдэапракату таксама параiў набываць бiлеты загадзя, таму што на некаторыя фiльмы iх сапраўды будзе складана купiць. Праўда, паказ «лiстападаўскiх» карцiн не абмяжуецца фестывальнай праграмай. Кожны год праходзiць праект «Рэха «Лiстапада», падчас якога лепшыя работы выходзяць у кiнапракат.

Не проста чарада паказаў

Нагадаем, сёлета фестываль (дарэчы, ужо трыццаць другi па лiку!) пройдзе з 30 кастрычнiка да 6 лiстапада. Яго дэвiз «Глядзi. Жывi. Цанi» — сваеасаблiвы заклiк адчуваць, суперажываць i па-сапраўднаму шанаваць той мастацкi i чалавечы вопыт, якi шчодра дорыць нам кiнематограф. I чарговы «Лiстапад» абяцае стаць не проста чарадой паказаў, а глыбокiм акунаннем у свет гiсторый, эмоцый i iдэй, якiя застаюцца з гледачом надоўга пасля фiнальных цiтраў, сцвярджаюць арганiзатары.

Галоўнай пляцоўкай форуму стане кiнатэатр «Масква» — тут пройдуць урачыстыя цырымонii адкрыцця i закрыцця, а таксама кiнапаказы, творчыя сустрэчы з кiнематаграфiстамi. Фiльмы таксама прадставяць у кiнатэатрах «Перамога», «Цэнтральны», «Беларусь» i «Пiянер». Кожная з гэтых пляцовак будзе прымаць унiкальныя праграмы, прапануючы гледачам магчымасць даследаваць розныя гранi кiнематографа — ад iгравога кiно да анiмацыi, ад работ маладых талентаў да нацыянальных шэдэўраў.

«Лiстападаўская» праграма ахопiць таксама Нацыянальную кiнастудыю «Беларусьфiльм», Беларускую дзяржаўную акадэмiю мастацтваў, Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт культуры i мастацтваў i iншыя лакацыi, дзе пройдуць творчыя сустрэчы, майстар-класы з гасцямi i ўдзельнiкамi фестывалю. Беларуская моладзь зможа пераняць перадавы вопыт лепшых кiнематаграфiстаў.

Яшчэ адна добрая традыцыя «Лiстапада» — аддаваць данiну памяцi вядомым кiнадзеячам. 31 кастрычнiка адбудзецца вечар памяцi Вiктара Турава, 2 лiстапада — кiнарэжысёра Тыграна Кеасаяна з паказам яго апошняй работы «Сем дзён Пятра Сямёныча». У Мiнск прыедуць прадстаўнiкi здымачнай групы i акцёры, якiя задзейнiчаны ў гэтым фiльме.

Акрамя таго, у фестывальнай праграме — круглы стол па пытаннях супрацоўнiцтва Беларусi i Расii ў галiне вытворчасцi i пракату фiльмаў, якi пройдзе 31 кастрычнiка пад эгiдай i патранатам Пастаяннага камiтэта Саюзнай дзяржавы ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi. 2 лiстапада ў Выканкаме Садружнасцi Незалежных Дзяржаў адбудзецца круглы стол па пытаннях развiцця кiнаадукацыi на тэрыторыi СНД.

З усiх куткоў свету

Для ўдзелу ў конкурсных паказах ХХХII Мiнскага мiжнароднага кiнафестывалю «Лiстапад» прыйшло больш як 3300 заявак з 108 краiн. У вынiку для васьмi конкурсных праграм было адабрана больш як 130 фiльмаў з 55 краiн.

— Фестываль захоўвае i выкрышталiзоўвае свой твар, — падкрэслiла начальнiк аддзела кiнематаграфii Мiнiстэрства культуры Iрына ДРЫГА. — Мы паказваем кiно краiн постсацыялiстычнай прасторы, але таксама пашыраем гарызонты i хочам спецыялiзавацца на фiльмах з краiн Азii i Афрыкi, якiя не даходзяць да еўрапейскiх фестываляў. А ў нас яны ствараюць асаблiвую палiтру, праграму «з духмянасцю ванiлi». Так, упершыню на нашым форуме будзе прадстаўлена М’янма. Будуць работы таксама з Камбоджы, Марока, Эквадора, Венесуэлы, Калумбii, Кубы. Буйныя пазiцыi займаюць нашы пастаянныя сябры i партнёры: Кiтай, Iндыя, В’етнам.

Як павялося, у цэнтры асаблiвай увагi — фiльм, якому выпадае гонар адкрыць фестывальныя паказы. На гэты раз iм стане беларуска-расiйская кiнастужка «Бацька Мiнай. Партызанская легенда». Сама карцiна ўдзельнiчае i ў конкурсным паказе, на якi прыедзе яе рэжысёр народны артыст Расii Iгар Угольнiкаў, акцёры i прадстаўнiкi здымачнай групы.

Конкурсныя i пазаконкурсныя

У асноўным конкурсе iгравога кiно будзе прадстаўлена 17 фiльмаў. У праграме неiгравога кiно — 18 дакументальных стужак. У кiнатэатры «Пiянер» пройдзе традыцыйны «Лiстападзiк» — тут будуць паказваць фiльмы для дзiцячай i юнацкай аўдыторыi, на конкурс адабрана 10 работ, у тым лiку дзве анiмацыйныя поўнаметражныя карцiны i восем iгравых. У кiнатэатры «Беларусь» адбудзецца конкурс анiмацыйных фiльмаў — усяго iх 50. У праграму «Кiно маладых» трапiла 11 работ. А кароткi метр «запусцяць» у кiнатэатры «Масква», у конкурснай праграме — 10 фiльмаў. Прадугледжана i шырокая пазаконкурсная праграма. Запланаваны Днi кiнематаграфiй Беларусi, Казахстана, Пакiстана, Расii, Iндыi i Кiтая.

Дарэчы, Днi нацыянальнага кiно сёлета прымеркаваны да Года беларускай жанчыны. У праграму ўключаны фiльмы, створаныя рэжысёрамi-жанчынамi, або фiльмы, якiя прысвечаны жанчынам-гераiням з цiкавым лёсам. Свае работы прадставяць Беларусь, Расiя, Казахстан, Пакiстан.

Традыцыйна фестывальныя паказы пройдуць не толькi ў сталiцы, але i ў рэгiёнах Беларусi. З падрабязнай праграмай паказаў i раскладам сеансаў можна азнаёмiцца на афiцыйным сайце фестывалю 
https://listapad.org/program/.

Вiктар ЛЮБIМАЎ
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю