Top.Mail.Ru
185

Бітва на «Залатых нажніцах»: прафесіяналы з усёй краіны задалі тон б’юці-сезону ў Гомелі

Горад над Сожам стаў пляцоўкай галоўнай падзеі ў свеце цырульніцкага мастацтва краіны. Тут прайшоў рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства «Залатыя нажніцы». Найлепшыя майстры сферы бытавога абслугоўвання з усёй Беларусі з’ехаліся ў Гомель, каб пазмагацца за званне самых таленавітых і крэатыўных.


Ініцыятарамі гэтага маштабнага праекта выступілі Беларускі прафсаюз работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання сумесна з ААТ «Локан». Галоўная мэта конкурсу, як адзначаюць арганізатары, — не толькі павысіць прэстыж прафесій у б’юці-сферы, але і падтрымаць таленавітых спецыялістаў, а таксама ўмацаваць іх пачуццё гонару за сваё рамяство.

— Конкурсы прафмайстэрства — гэта магутны стымул для развіцця і ўдасканалення навыкаў. Ад густу і ўмення работніка залежыць упэўненасць і настрой людзей, якія звяртаюцца па паслугу. Прафсаюз заўсёды падтрымлівае такія ініцыятывы і выступае іх арганізатарам: мы нацэлены на развіццё патэнцыялу работнікаў. Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць умацоўваць прэстыж прафесіі, павышаць яе статус у грамадстве і матываваць моладзь заставацца ў галіне. У многіх нашых калектыўных дагаворах прадугледжаны нормы па падтрымцы работнікаў, якія ўдзельнічаюць у працоўных спаборніцтвах. Гэта не толькі матэрыяльная дапамога, але і магчымасць павысіць свой разрад. І што немалаважна: на такіх пляцоўках работнікі дэманструюць свае навыкі і творчы падыход, абменьваюцца вопытам, знаёмяцца з сучаснымі тэндэнцыямі і тэхналогіямі. Гэта, безумоўна, адбіваецца на іх прафесіяналізме, — адзначыў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання Юрый Дарагакупец.

У якасці пляцоўкі для гарачых прафесійных баталій быў выбраны Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання. Гэта навучальная ўстанова, дарэчы, з’яўляецца кузняй кадраў у галіне цырульніцкага мастацтва і дэкаратыўнай касметыкі рэгіёна. Яго выпускнікі, дзякуючы практыкаарыентаванаму падыходу ў навучанні, адрозніваюцца высокай кваліфікацыяй і запатрабаванасцю на рынку працы. Таму каледж стаў ідэальным месцам для правядзення такога значнага конкурсу.


Сёлета за званне найлепшых змагаліся больш за 20 спецыялістаў з 11 гарадоў краіны: тут сабраліся прадстаўнікі Мінска, Гомеля, Брэста, Віцебска, Гродна, Нясвіжа, Заслаўя, Маладзечна, Бабруйска, Чавус і Бярозы. Кожны з іх ужо паспеў паказаць асабістае прафмайстэрства ў сваіх арганізацыях, а зараз прадставіў уменні на нацыянальным узроўні.

Сярод таленавітых удзельніц асабліва вылучалася канкурсантка Святлана Карачун з Мінска, якая прыехала на конкурс не адна, а ў суправаджэнні сваёй вялікай сям’і — мужа і чатырох дзяцей! Яе група падтрымкі была самай шматлікай і кранальнай, а адна з дачок узяла на сябе асаблівую місію: юная прыгажуня ахвотна выступіла ў ролі мадэлі, на якой мама стварала сваю конкурсную прычоску, дадаўшы выступленню не толькі прафесіяналізму, але і непаўторнага сямейнага цяпла.

Конкурс праходзіў у дзвюх асноўных намінацыях, кожная з якіх патрабавала ад удзельнікаў не толькі віртуознага валодання інструментамі, але і глыбокага разумення сучасных тэндэнцый.
Так, у катэгорыі «Жаночая салонная мода. Камерцыйная стрыжка з укладкай» свае навыкі дэманстравалі 15 найлепшых цырульнікаў. Тут ацэньвалася ўменне стварыць модную, стыльную і, галоўнае, запатрабаваную стрыжку і ўкладку, якую кліент зможа з лёгкасцю падтрымліваць у паўсядзённым жыцці. Важнай умовай было выкарыстанне выключна нажніц, што ставіла перад майстрамі дадатковую задачу ў плане дакладнасці і філіграннасці работы.

У намінацыі «Сучасная мужчынская стрыжка з камерцыйнай укладкай» важна было падкрэсліць стыль і індывідуальнасць кліента. Мужчынскія стрыжкі патрабуюць не меншай дакладнасці і разумення трэндаў, а начос і зачос павінны быць моднымі і практычнымі.

Перад удзельнікамі стаяла няпростая задача: за абмежаваны час — а гэта 40 хвілін — стварыць стрыжку і ўкладку, якая адпавядае як апошнім модным павевам, так і паўсядзённым запытам кліентаў. Адмысловая ўвага надавалася камерцыйнаму складніку — стрыжка павінна быць не толькі прыгожай, але і запатрабаванай у звычайным салоне прыгажосці.

Дарэчы, у склад журы ўвайшлі высокакваліфікаваныя спецыялісты ў сваёй галіне — прадстаўнікі вядучых арганізацый сферы цырульніцкага мастацтва. За іх плячыма — не толькі профільная адукацыя, але і шматгадовы практычны вопыт, удзел у прафесійных майстар-класах і рэгулярныя курсы павышэння кваліфікацыі. Многія з іх з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі конкурсаў рознага ўзроўню, у тым ліку міжнародных.


— Былі пэўныя крытэрыі, па якіх ацэньваліся работы: форма стрыжкі, чысціня яе выканання, стыль укладкі. Усяго з дзясятак патрабаванняў. Улічвалася нават адпаведнасць стрыжкі вонкавым даным мадэлі: постаці, адзенню, макіяжу. Налічваліся і штрафныя балы, — падзялілася член журы, выкладчык-тэхнолаг навучальнага цэнтра «Сімвал прыгажосці», цырульнік-каларыст, стыліст-іміджмэйкер Вольга Кампас-Гвадамус.

Па выніках напружаных спаборніцтваў на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання кожны ўдзельнік быў адзначаны дыпломам, які пацвярджае яго прафесіяналізм і ўдзел у такім прэстыжным спаборніцтве.

Асаблівыя апладысменты і заслужаныя ўзнагароды дасталіся тройцы пераможцаў у кожнай намінацыі, якія атрымалі ад арганізатараў каштоўныя грашовыя сертыфікаты.

Так, у намінацыі «Сучасная мужчынская стрыжка з камерцыйнай укладкай», дзе спаборнічалі дзевяць таленавітых канкурсантак, дыпломам ІІІ ступені была адзначана Валянціна Халюкова з Гомеля. Серабро конкурсу і дыплом II ступені дасталіся таксама гамяльчанцы Марыне Музычэнка. А абсалютным лідарам і ўладальніцай дыплома І ступені стала Ірына Анацка з Віцебска. Яе перамога была адзначана не толькі кубкам, падарункам і каштоўным грашовым сертыфікатам, але і асаблівым прызам — сертыфікатам на ўдзел у навучальным семінары ў Мінску. А гэта выдатны стымул для далейшага прафесійнага росту.

Асабліва гарачым стала спаборніцтва ў намінацыі «Жаночая салонная мода. Камерцыйная стрыжка з укладкай». Ганаровы дыплом ІІІ ступені і бронза конкурсу адправіліся ў Мінск да Наталлі Шаклач. Сярэбраным прызёрам і ўладальніцай дыплома II ступені стала Вікторыя Аўчынка. А галоўнай трыумфатаркай, якая заваявала золата і дыплом I ступені, стала прадстаўніца Гомеля Алена Козыр. За сваё майстэрства яна была адзначана не толькі кубкам і каштоўнымі падарункамі, але і асаблівым прызам — сертыфікатам на ўдзел у базавым семінары цырульніцкага мастацтва вядомай кампаніі ў Мінску, што, без сумнення, стане карыснай базай для заваявання новых вяршыняў у прафесіі.

Алена КРАВЕЦ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю