Top.Mail.Ru
194

Біятэхналогіі, робататэхніка і стаўка на імпартазамяшчэнне: якія кірункі для развіцця бачаць у НАН

Аб прыярытэтных кірунках навуковай дзейнасці ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» расказаў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік, паведаміла БелТА.


«У нас вызначаны прыярытэтныя кірункі навуковай дзейнасці. І ў рамках гэтых кірункаў мы зараз актыўна працуем, каб вызначыць так званыя якарныя праекты, якія найбольш перспектыўныя і якія, з нашага пункту гледжання, павінны атрымаць дадатковы стымул для развіцця», — сказаў ён.


Сярод іх — біятэхналогіі, у тым ліку для сельскай гаспадаркі. У гэтым кірунку актыўна вядзецца работа з БНБК і з іншымі ўдзельнікамі гэтага сектара эканомікі. «Гэта біяфармацэўтыка, медыцына, анкалагічны кірунак, і распрацоўка новых проціпухлінных агентаў. Гэта генетыка. Гэтыя напрацоўкі палегчаць работу і нашых селекцыянераў, і фактычных біёлагаў, — адзначыў Уладзімір Каранік. — Машынабудаванне — гэта распрацоўка рабатызаваных платформаў. Гэта адзін з прыярытэтаў і, зноў жа, беспілотны транспарт».

І тут адна з задач — работа з тэхналагічным транспартам на закрытых тэрыторыях. Напрыклад, у транспартна-лагістычных цэнтрах. «Чаму б не паспрабаваць у рамках імпартазамяшчэння прапанаваць сваю лінейку абсталявання, прапанаваць свае тэхналогіі, у замкнёных прасторах, па загадзя вызначаных маршрутах, якія будуць выконваць руцінную работу, для якой цяпер патрабуецца аператар? — прапанаваў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. — Ну і вядома, робататэхніка. Паколькі праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця мае на ўвазе істотнае павелічэнне колькасці рабатызаваных платформаў, якія павінны выкарыстоўвацца ў прамысловасці, да канца наступнай пяцігодкі, то наша задача — забяспечыць навукова-тэхнічнае суправаджэнне гэтага працэсу і ў ідэале прапанаваць сваю айчынную рабатызаваную платформу, якая па шэрагу кірункаў заменіць імпартныя рашэнні».

Навуковая кааперацыя ў рамках Саюзнай дзяржавы — яшчэ адзін важны аспект развіцця айчыннай навукі. «Мы праводзім перагаворы і з „Расатамам“, і з „Раскосмасам“. Вельмі добрыя адносіны склаліся з Курчатаўскім інстытутам. І тут кірункаў, насамрэч, вельмі шмат: гэта і стварэнне сумесных расійска-беларускіх апаратаў для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Гэты працэс ідзе досыць актыўна», — расказаў ён.

Яшчэ адзін сумесны праект, адзначыў Уладзімір Каранік, гэта запуск у снежні двух нанаспадарожнікаў для аналізу іонасферы — гэта будзе сумесны запуск расійскіх спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і нашых спадарожнікаў для вывучэння іонасферы. Таксама праводзіцца сумесная работа па даследаванні палярных раёнаў Зямлі. На ўзроўні Курчатаўскага інстытута — сумесныя праекты па тэматыцы ядзернай фізікі. «Напрацовак шмат і вось гэта супрацоўніцтва, з майго пункту гледжання, выходзіць на якасна новы ўзровень», — падкрэсліў ён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю