Заснавальнік і дырэктар фірмы нелегальна здабывалі пясок на арандаваным участку ў Пружанскім раёне. Аператыўнікі БЭЗ Брэсцкай вобласці спынілі злачынную схему. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на МУС.
Праваахоўнікі высветлілі, што змоўшчыкі ва ўзросце 40 і 57 гадоў узялі ў арэнду ўчастак у Пружанскім раёне. Афіцыйнай падставай стаў дэмантаж будынкаў былога прадпрыемства, якія знаходзіліся там. На самай жа справе фігуранты незаконна здабывалі пясок і для яго рэалізацыі заключалі дагаворы пастаўкі з юрыдычнымі і фізічнымі асобамі.
«За некалькі гадоў злачыннай дзейнасці фігуранты вывезлі больш за 55 тыс. т сыравіны. Шкода прыродзе перавысіла 4,5 млн рублёў», — звярнулі ўвагу ў МУС.
Следчыя завялі крымінальную справу.