Top.Mail.Ru

Бізнес з жаночым характарам: у Мінску прайшоў першы Форум жанчын-прадпрымальніц Саюзнай дзяржавы

21-22 мая сталіца Беларусі на два дні стала эпіцэнтрам дзелавой інтэграцыі. Першы Форум жанчын-прадпрымальніц Саюзнай дзяржавы «Жанчыны. Бізнес. Будучыня» падвёў вынікі сваёй працы. Пляцоўка, якая разгарнулася ў кінатэатры «Масква» і на вядучых прадпрыемствах краіны, аб’яднала каля 500 дэлегатаў, стаўшы найбуйнейшым за апошнія гады аглядам жаночых бізнес-ініцыятыў у рамках інтэграцыі дзвюх краін.



Ад «прыгажосці» да высокіх тэхналогій

Падзея, якая стала часткай дзяржаўнага плана да Года беларускай жанчыны, зафіксавала тэктанічныя зрухі ў структуры прыватнага капіталу. Калі раней жаночая справа асацыявалася пераважна з індустрыяй аховы здароўя і сферай паслуг, то сёння 85-тысячны корпус беларускіх прадпрымальніц актыўна асвойвае машынабудаванне, лагістыку, дрэваапрацоўку і рашэнні на аснове штучнага інтэлекту.

Асаблівую ўвагу на панэльных дыскусіях надалі тэхналагічнаму суверэнітэту. Гаворка ішла не толькі пра інтэрнэт-гандаль, але і пра ўкараненне штучнага інтэлекту ў аграпрамысловы комплекс і прамысловую лагістыку. Эксперты падкрэслілі: сёння жаночае лідарства становіцца драйверам імпартазамяшчэння.

Кантакты, якія пераходзяць у кантракты

Галоўным ідэолагам і арганізатарам форуму выступіў Беларускі саюз жанчын пры падтрымцы Мінэканомікі і Мінгарвыканкама. Старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская, ацэньваючы значнасць мерапрыемства для Саюзнай дзяржавы, акцэнтавала ўвагу на практычнай карысці сустрэч для сярэдняга бізнесу:

— Гэта добрая пляцоўка для таго, каб жанчыны пагутарылі адна з адной, для таго, каб гэтыя зносіны потым перараслі ў канкрэтныя праекты і канкрэтныя кантракты. Асабліва цікава гэта, вядома, для сярэдняга бізнесу, бо мы разумеем, што жанчыны, якія займаюцца такім бізнесам, не заўсёды даедуць і знойдуць тых, з кім хацелі б пракантактаваць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Таму мы вырашылі, што павінна быць такая агульная пляцоўка. Тым больш што нашы дзве краіны шукаюць кропкі судакранання, якія стануць штуршком для супрацоўніцтва. А жанчыны заўсёды гэта робяць па-асабліваму, — заявіла Вольга Шпілеўская.


Для 150 удзельніц з Расійскай Федэрацыі форум стаў магчымасцю ўбачыць беларускі прамысловы патэнцыял знутры. Другі дзень праграмы быў цалкам прысвечаны наведванню вытворчасцей, што дазволіла прадпрымальніцам перайсці ад тэорыі да абмеркавання прамых паставак і кааперацыйных сувязей.

Сацыяльны капітал і позірк у будучыню

Падзея ярка высветліла і сацыяльную місію жаночага прадпрымальніцтва. Прэзідэнт Саюза жанчын Расіі Кацярына Лахава адзначыла ўражальны рост сацыяльнага бізнесу ў РФ — на 40% за мінулы год, дзе 80% кампаній узначальваюць жанчыны. Беларускія калегі падтрымалі гэтую думку: жаночы бізнес, як правіла, больш сацыяльна арыентаваны, стварае ўстойлівыя працоўныя месцы і дэманструе зайздросную жыццяздольнасць.

 

Новыя вектары: прамысловы турызм

Адной з тэм, якія найбольш абмяркоўваліся, стаў турызм — сфера, дзе жаночы бізнес займае лідзіруючыя пазіцыі. Першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Іван Вежнавец паведаміў, што за мінулы год рэспубліку наведалі больш за 450 тысяч расіян. Велізарны патэнцыял эксперты бачаць у прамысловым турызме — кірунку, які з экзотыкі ператвараецца ў эфектыўны інструмент маркетынгу. Наглядным прыкладам стаў праект прадпрымальніцы Наталлі Гранчык. Яна займаецца тым, што ператварае закрытыя цэхі заводаў у адкрытыя турыстычныя лакацыі. Дзякуючы яе ініцыятывам звычайныя падарожнікі могуць убачыць «нараджэнне» легендарных беларускіх самазвалаў або працэс вытворчасці знакамітай згушчонкі.

Для прадпрыемстваў гэта не проста экскурсіі, а спосаб напрамую закахаць спажыўца ў свой прадукт. Гэтую лінію падтрымаў і Іван Вежнавец, адзначыўшы, што пры адкрытых межах і магутнай інфраструктуры менавіта турыстычны сектар, які развіваюць жанчыны, можа стаць флагманам інтэграцыі.

Вынікі на перспектыву

Форум «Жанчыны. Бізнес. Будучыня» паказаў, што жаночае прадпрымальніцтва — гэта не толькі пра прыбытак, але і пра сацыяльную ўстойлівасць. Пяць тэматычных секцый, якія працавалі на працягу двух дзён, заклалі фундамент для дзясяткаў новых сумесных праектаў. Арганізатары выказалі надзею, што мінская пляцоўка стане штогадовай традыцыяй, а створаная тут «жаночая супольнасць» (кам’юніці) — апорай для стабільнага развіцця эканомікі Беларусі і Расіі.

Марыя АСМАЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю