Top.Mail.Ru

Блакітная крыніца на Слаўгарадчыне запрашае на свята

Фестываль «Макавей» пройдзе каля Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадскім раёне 13 і 14 жніўня.



Кожны год у гэты час на гэтым месцы збіраюцца тысячы паломнікаў з розных краін. Людзі прыязджаюць сюды, каб тройчы прайсці па ледзяной вадзе, акунуцца і набраць гаючай вады. Для кожнага верніка гэты абрад мае глыбокі сэнс: ён сімвалізуе ачышчэнне душы і збавенне ад хвароб.

Галоўнымі падзеямі Макавея (ён жа Мядовы Спас) для паломнікаў і прыхаджан з’яўляюцца царкоўныя службы і ўрачыстыя абрады. Хрысціянскія традыцыі гэтага дня ўключаюць вячэрняе богаслужэнне і ранішні малебен з акафістам каля капліцы, хрэсны ход і асвячэнне вады.

Для гасцей падрыхтавана насычаная праграма з канцэртам і майстар-класамі, гандлёвымі радамі і кірмашом. Таксама для іх арганізуюць экскурсіі і пракат турыстычнага абсталявання. Чакае іх і самая смачная частка свята — дэгустацыя і продаж мёду і сыру — слаўгарадскага кулінарнага брэнда.

Макавей займае асаблівае месца ў каляндарным цыкле беларускіх народных свят. У сельскай мясцовасці гэты дзень традыцыйна суправаджаецца добрымі словамі, пачастункамі, выкананнем народных песень.

Актыўны ўдзел у святкаванні прымае моладзь: дзеці ахвотна дапамагаюць дарослым у зборы свежага мёду і падрыхтоўцы святочнага стала. Старэйшае пакаленне беражліва перадае традыцыі, нагадваючы пра павер’е, паводле якога ў гэты перыяд уся трава набывае максімальную гаючую сілу.

На Макавей прынята шчодра дзяліцца сабраным мёдам і пачастункамі з суседзямі. Па народных прыметах, шчодрасць у гэты святочны дзень гарантуе дастатак, дабрабыт і багаты ўраджай на ўвесь будучы год.

Марыя КАЛІНА
Фота з сайта Слаўгарадскага райвыканкама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю