Top.Mail.Ru

Блогер з Дзятлаўскага раёна расказвае пра будні аграрыяў

Уменне знаходзіць цудоўнае ў паўсядзённых справах — навык, якім беларускі блогер Дзяніс Трафімчык авалодаў дасканала. Апошнія гады ён вядзе «Аграблог», распавядаючы пра працаўнікоў сяла. Інтэрв’ю з ім было нямала, а ў скарбонцы дасягненняў хлопца не толькі шматмільённыя прагляды, але і Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Пагаварылі з Дзянісам аб планах на будучыню і аб тым, як пачынаўся яго шлях.


Мары змяняюцца

Дзяніс родам з аграгарадка Круцілавічы, што ў Дзятлаўскім раёне. Пасля школы паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Хлопец шчыра прызнаецца, што не адразу пранікнуўся любоўю да сельскага жыцця, ён, як многія, марыў аб гарадскім: юнацкі максімалізм вабіў у бок асфальту і шматпавярховак.

— Прапрацаваўшы пэўны час у ААТ «Граніт-Агра», я зразумеў, што далёка не ў месцы справа, а ў табе самім, тваім поглядзе на жыццё і адносінах да яго. Кожны дзень бачыў, наколькі складаная і адказная праца ў аграрыяў. Ні ў якім разе не кажу, што іншыя прафесіі менш важныя. Проста працую ў сельскагаспадарчай сферы, таму пра яе і гавару. І нават пасля таго, як блог раскруціўся, пераязджаць не хачу. У Мінску мне ўвогуле цяжка. Бывае, прыедзеш на суткі па справах — навокал бясконцая мітусня, людзі ўвесь час кудысьці едуць...

Здымка на камеру 1,8 мп

Дзяніс вырашыў, што трэба абавязкова расказаць пра людзей, якія працуюць у гаспадарцы, і стварыў старонку ААТ «Граніт-Агра» ў Іnstagram. Здымаў ролікі, міні-інтэрв’ю, выкладаў фота. Блог гаспадаркі паспяхова развіваўся, на дадзены момант там больш за 4000 падпісчыкаў.

— Канчатковае рашэнне было прынята 25 снежня 2019 года. Дату запомніў так добра, бо гэта мой дзень нараджэння. Я выклаў фота трактара і зрабіў подпіс: «Няхай гэта будзе першая фатаграфія, якая пачне доўгі і цудоўны шлях». І я меў рацыю!

Дзяніс кажа, што не адчуваў страху ці няёмкасці, распавядаючы аб жыцці гаспадаркі. Проста рабіў тое, што падабаецца. А душа да стварэння кантэнту ляжала ўжо вельмі даўно. Яшчэ са школьных часоў.

— Здымаў на тэлефон з камерай 1,8 мегапікселя, перадаваў трэкі па ІК-порце. Сучасная моладзь і не ведае, што гэта такое. У студэнцтве таксама ўвесь час нешта здымаў. Праўда, тады я яшчэ не думаў, што стану блогерам, — дзеліцца суразмоўца.

Людзі, пра якіх хочацца расказаць

З часам прыйшло ўсведамленне, што па ўсёй Беларусі шмат выдатных гаспадарак, у якіх працуюць цудоўныя людзі. Пра іх расказваюць і ў газетах, і на тэлебачанні. Але Дзянісу хацелася рабіць гэта больш проста, па-сяброўску. Таму ў 2023 годзе з’явіўся «Аграблог» у Іnstagram, дзе цяпер амаль 50 000 падпісчыкаў, а крыху пазней і ў TіkTok, дзе іх ужо 135 000.

— Калі пачынаў, было нямала блогераў, але тэматыка сельскай гаспадаркі практычна не ўзнімалася, і я спакойна заняў гэту нішу. Першае відэа ў TіkTok было вельмі простым. Камбайн ехаў пад музыку па прыгожым полі. Зусім нечакана відэа сабрала 40 000 праглядаў.

Дзякуючы папулярнасці ў інтэрнэце ва ўладальніка «Аграблога» з’явіўся партнёр — памочнік брыгадзіра ў фермерскай гаспадарцы Арцём Літвінскі. Спачатку ён сумняваўся ў неабходнасці такога занятку. Потым настолькі захапіўся, што ніводны новы матэрыял не абыходзіцца без яго ўдзелу.

— Цяпер тэмы для сюжэтаў знаходзяць нас самі. Нам пішуць у блог, запрашаюць прыехаць, расказаць пра тую ці іншую гаспадарку. Прыемна, што людзі ганарацца сваёй працай і хочуць, каб пра яе ведалі.

Смеласць

Блогерскай дзейнасцю Дзяніс займаецца больш за пяць гадоў. Шлях пройдзены немалы. Прашу Дзяніса ўспомніць, як усё пачыналася, хто дапамагаў, ці былі нейкія страхі.

— Расказваць пра гаспадарку было нястрашна. Складаней нешта гаварыць пра сваё жыццё. Да гэтага не адразу прыйшоў. Я раблю тое, што мне падабаецца. Да таго як да мяне далучыўся Арцём, усё рабіў сам. Мог параіцца з дзяўчынай, калі патрэбен быў погляд збоку. Але рады, што пачынаў самастойна. Гэта дапамагло выпрацоўваць свой стыль і ўвасабляць уласныя ідэі.

Плюс шчырасць

Дзяніс паспрабаваў свае сілы на тэлебачанні, але плануе заставацца ў блогасферы. Досвед яму спадабаўся, аднак да інтэрнэт-пляцоўкі душа ляжыць больш. Кажа, што ў сацыяльных сетках творчыя рамкі значна шырэйшыя, і гэта маладому чалавеку падабаецца.

— Аўдыторыя ў мяне жывая, людзі самі падпісваюцца. Пры дапамозе розных інструментаў, тых жа розыгрышаў, мог бы набраць падпісчыкаў хутчэй. Але вырашыў рухацца сваім шляхам. Пакуль новыя пляцоўкі асвойваць не планую, хоць былі цікавыя прапановы. Напрыклад, на YouTube прапаноўвалі весці праект, нават з фінансаваннем. Тэма мая — трэба было расказваць пра фермераў. Але адмовіўся, бо разумею, што няма часу і каманды. Даўно адчуваў, што варта знайсці аднадумцаў: блог расце, работы становіцца больш.

Якую параду Дзяніс можа даць тым, хто хоча стаць блогерам?

— Быць шчырым. У кожнага чалавека ёсць талент, трэба толькі не баяцца. Не варта кагосьці капіраваць. Важна знайсці свой шлях. Гэта дапамагло мне рухацца наперад. Я сапраўды ад усёй душы люблю беларускую вёску, працаўнікоў сяла, з задавальненнем пра іх расказваю!

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю