Top.Mail.Ru

Блогеры i актыўныя медыяперсоны ўзялi ўдзел у высадцы дрэў на тэрыторыi будучага Парку народнага адзiнства

18 красавіка на пляцоўцы будучага Парку народнага адзiнства папулярныя блогеры i актыўныя лiдары меркаванняў узялi ўдзел у працоўнай акцыi на карысць добраўпарадкавання сталiцы. Карэспандэнт «Звязды» далучылася да мерапрыемства i даведалася падрабязнасцi.


Спачатку стваральнiкам вiртуальнага кантэнту расказалi пра будаўнiцтва Нацыянальнага гiстарычнага музея, якi размесцiцца ў так званым Квартале беларускай дзяржаўнасцi — побач з будынкамi Палаца Незалежнасцi, Вярхоўнага Суда, плошчай Дзяржаўнага сцяга, пасля правялi неабходны iнструктаж. Добраўпарадкаванне само па сабе — справа важная i карысная, а калi за яе бяруцца блогеры, час увогуле ляцiць незаўважна.

Спявачка, уладальнiк гран-пры музычнага фестывалю «Славянскi базар» Ганна Трубяцкая расказала, што дагэтуль актыўна сачыла ў сацыяльных сетках за тым, як актыўныя прадстаўнiкi нашага грамадства ўдзельнiчаюць у экалагiчнай акцыi: «I самой захацелася ў ёй узяць удзел, таму запрашэнне прыняла з вялiкiм задавальненнем. На мой погляд, мiсiя кожнага беларуса — унесцi ўклад у зялёную будучыню нашай краiны. Ведаю, як паважлiва наш Прэзiдэнт адносiцца да прыроды i ўсiх тых спраў, якiя накiраваны на добраўпарадкаванне роднай Беларусi, таму з гонарам саджу дрэвы ў будучым Парку народнага адзiнства», — падзялiлася яна.

Паводле слоў Ганны, яго назва — вельмi сiмвалiчная: «Адзiнства, можна сказаць, закладзена ў генетычным кодзе беларусаў. Мы цэнiм яго. Сучасныя рэалii паказваюць, як важна быць згуртаванымi, падтрымлiваць адзiн аднаго, быць разам».

На мерапрыемства запрасiлi i вядомага блогера Ганну Клiнцэвiч — Бабу Нюру з TikTok. Яна паспела ўсё: i рыдлёўкай папрацаваць, i зняць гумарыстычны кантэнт для сваёй старонкi. Гэтая дабрачынная падзея, пэўна, запомнiцца дзяўчыне надоўга — Ганна садзiла дрэва ўпершыню: «Вельмi прыемна, што мяне запрасiлi ўзяць удзел у пасадцы дрэў у гэтым знакавым месцы. Я дзяўчына вясковая, лес i прырода для мяне блiзкiя па духу. Лiчу, што добраўпарадкоўваць тэрыторыю любiмай краiны — вельмi адказная i важная для беларусаў задача. Праз некаторы час прыеду разам з дачкой у Парк народнага адзiнства i пакажу ёй, дзе i якое дрэва мама саджала».

Блогер Дзмiтрый Сiўчык — ДзiмДзiмыч — расказаў, што для яго ўдзел у такой акцыi стаў вялiкай нечаканасцю: «Гэта адказна, акрамя таго, што высаджваем дрэвы, мы яшчэ i здымаем кантэнт, якiм дзелiмся са сваёй аўдыторыяй. Гэта, на мой погляд, будзе цiкава i карысна паглядзець нашым падпiсчыкам. Можа, людзi зацiкавяцца i таксама далучацца да добраўпарадкавання тэрыторый роднай краiны», — падзялiўся меркаваннем малады чалавек.

Павел Крамар, добра вядомы як KOKO.BY, лiчыць, што добраўпарадкаванне тэрыторыi — нескладаная, але вельмi патрэбная справа: «Было б класна, каб кожны беларус далучыўся да гэтай акцыi. Уявiце: з кожнага па дрэве — вялiкi лес вырасце».

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю