Праблема траўматызму як асоб, якія перасоўваюцца на сродках персанальнай мабільнасці, так і веласіпедыстаў, стаіць досыць востра, адзначыла старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзялення арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння прапаганды бяспекі дарожнага руху ўпраўлення дарожна-патрульнай службы Галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Ганна БАНАДЫК.
Паводле яе слоў, менавіта таму ў мінулым годзе былі ўнесены змены ў Правілы дарожнага руху для таго, каб упарадкаваць рух дадзеных транспартных сродкаў і знізіць максімальна траўматызм і гібель людзей на дарогах. Калі ў папярэдняй рэдакцыі Правілаў дарожнага руху было вызначана, што сродак персанальнай мабільнасці (СПМ) – гэта прылада, прызначаная для перамяшчэння пешаходаў.
Паводле новай рэдакцыі Правілаў дарожнага руху (уступілі ў сілу з 1 верасня 2025 года), цяпер строга вызначаны, што сродак персанальнай мабільнасці – гэта транспартны сродак, які мае адно або некалькі колаў і максімальную канструктыўную хуткасць. Тут хуткасць з'яўляецца вызначальнай – не больш за 25 км у гадзіну. СПМ прызначаныя выключна для перамяшчэння аднаго чалавека з дапамогай выкарыстання электрарухавіка. Калі раней усе прылады падпадалі пад катэгорыю сродкаў персанальнай мабільнасці, то на сённяшні дзень паўстала неабходнасць размеркаваць іх вельмі строга. І ў залежнасці ад гэтага, калі тэхнічныя прыстасаванні развіваюць хуткасць звыш 25 км у гадзіну, яны ўжо не будуць з'яўляцца сродкам персанальнай мабільнасці. І такія прылады абавязаны прайсці сертыфікацыю.
Пасля таго, як у спецыялізаваных лабараторыях яны праходзяць сертыфікацыю і вызначаецца, чым з'яўляецца гэты від транспартнага сродку, ствараецца электронны пашпарт, і ўжо пасля выпіскі з электроннага пашпарта чалавек можа звярнуцца ў ДАІ для яго рэгістрацыі. Калі прылада прызнаецца не сродкам персанальнай мабільнасці, а, напрыклад, электрамапедам, або электраматацыклам, у залежнасці ад магутнасці дадзенага транспартнага сродку, тады патрэбна рэгістрацыя ў ДАІ, і адпаведна спатрэбіцца вадзіцельскае пасведчанне для кіравання такім транспартным сродкам.
Цяпер дзейнічае спрошчаны парадак рэгістрацыі гэтых транспартных сродкаў да 1 верасня 2026 года. З пачатку верасня іх удзел у дарожным руху без рэгістрацыі, акрамя як па дарогах без удасканаленага пакрыцця, будзе забаронены. «У цяперашні час такая працэдура сапраўды спрошчаная. На сённяшні дзень спецыялізаваныя лабараторыі працуюць па заяўным прынцыпе. Кліенты звяртаюцца ў бліжэйшую такую майстэрню, дзе збіраецца пэўная колькасць ахвотных. Потым спецыялісты выязджаюць па месцах пражывання грамадзян. Уся гэта працэдура ажыццяўляецца на працягу дня.
У дадзеным выпадку, пры звароце ў ДАІ па рэгістрацыю, туды падаваць транспартны сродак ужо не трэба. Гэта зроблена для спрашчэння працэдуры, для таго каб не ствараць грамадзянам праблем з дастаўкай транспартнага сродку, паколькі перасоўвацца на ім на далёкія адлегласці рызыкнуць не ўсе», — адзначыла Ганна Банадык.
Сяргей КУРКАЧ