Звыш 700 тыс. т сталі вырабілі на БМЗ у першым паўгоддзі. Вынікі работы прадпрыемства ў студзені — чэрвені падвёў першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «БМЗ — кіруючая кампанія холдынга «БМК» Анатоль Волкаў на сустрэчы з калектывам энергетычнага цэха, паведамілі БелТА на прадпрыемстве.
Як падкрэсліў Анатоль Волкаў, першыя шэсць месяцаў 2026 года завод адпрацаваў стабільна, нягледзячы на складаную кан’юнктуру сусветнага рынку металапрадукцыі. Выраблена больш як 707 тыс. т сталі, звыш 651 тыс. т пракату, больш як 46 тыс. т труб і каля 60 тыс. т метызнай прадукцыі.
На БМЗ распрацавана праграма па павышэнні эфектыўнасці вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. «Мы абапіраемся на дакладна сфармуляваную стратэгію продажаў і дыверсіфікацыю прадукцыі. Адзін з важных напрамкаў праграмы — павелічэнне долі прысутнасці нашай прадукцыі на ўнутраным рынку. За апошнія тры гады павялічылі гэты паказчык у два разы: калі раней ён складаў 30 працэнтаў, то цяпер — больш як 60 працэнтаў», — звярнуў увагу першы намеснік генеральнага дырэктара.
«Чэрвень спрацавалі са станоўчай рэнтабельнасцю і дабавілі да майскіх паказчыкаў каля 5 тыс. т сталі», — дадаў ён.
У ліку прыярытэтных задач на другое паўгоддзе Анатоль Волкаў абазначыў дыверсіфікацыю продажаў і экспартных паставак, зніжэнне сабекошту і планамернае павелічэнне тэмпу вытворчасці да ўзроўню мінулага года.
ААТ «БМЗ — кіруючая кампанія холдынга «БМК» — высокатэхналагічнае прадпрыемства металургічнай галіны. Структурна складаецца са звязаных адным тэхналагічным ланцужком вытворчасцей — сталеплавільнай, пракатнай, трубнай, метызнай і цэхаў інфраструктуры.