Больш за 100 кантрактаў плануюць падпісаць на XII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Ніжнім Ноўгарадзе. Аб гэтым расказала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, паведамляе БелТА.
XII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Ніжнім Ноўгарадзе 26 і 27 чэрвеня. «Адзін год мы праводзім форум у Беларусі, на наступны год — у Расійскай Федэрацыі. Тэма (у гэтым годзе. — Заўвага БЕЛТА) — „Моладзь Беларусі і Расіі — наследнікі Вялікай Перамогі і будучыня Саюзнай дзяржавы“, разумеючы, што вельмі важна, якімі нашы краіны будуць заўтра, — адзначыла Наталля Качанава. — Спектр пытанняў, які мы разглядаем на форумах, вельмі шырокі. На гэты раз у нас, як і заўсёды, будуць працаваць сем секцый, якія будуць прысвечаны і прамысловай кааперацыі, і сельскай гаспадарцы, і прававому забеспячэнню. Рэгіянальная палітыка — несумненна, таму што гэта форумы рэгіёнаў».
Паводле слоў спікера, менавіта інтэграцыя дапамагае Беларусі і Расіі перажываць не самыя простыя моманты, у тым ліку і санкцыйны націск. «Мы добра разумеем, як важна быць разам, каб ствараць сумесныя прадпрыемствы, каб выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, якая нам патрэбна, — падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі. — Імпартазамяшчэнне — вельмі важная тэматыка. Падпісваецца велізарная колькасць пагадненняў, кантрактаў. У гэтым годзе будзе падпісана больш за 100 кантрактаў на суму больш як Br700 млн. За 11 гадоў форумаў, якія праходзілі ў нашых краінах, падпісана каля 1 тыс. розных пагадненняў, кантрактаў на больш як $8 млрд. Што датычыцца дакументаў, якія будуць вызначаць наша двухбаковае супрацоўніцтва (розныя пагадненні, дагаворы), — гэта больш за 140 пагадненняў. І яшчэ немалаважны фактар: мы бачым, наколькі блізка сталі кантактаваць кіраўнікі рэгіёнаў. І на форуме мы падводзім толькі вынікі той работы, якая праходзіць на працягу ўсяго года».
«Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стаў не толькі важнай пляцоўкай для нашых краін, але гэта добры прыклад для далейшага супрацоўніцтва з іншымі краінамі», — канстатавала Наталля Качанава.