Top.Mail.Ru

Больш за 100 літаратараў стануць удзельнікамі Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах

Больш за 100 літаратараў прымуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах. Аб гэтым журналістам расказаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, перадае БелТА.


«На свята прыедзе больш за сотню літаратараў з розных рэгіёнаў нашай краіны: Брэста, Мінска, Віцебска. Усе пісьменнікі вязуць свае творчыя імпрэзы і падарункі, ужо спланаваны выступленні», — сказаў Аляксандр Карлюкевіч.

Паводле яго слоў, праграма Саюза пісьменнікаў Беларусі будзе звязана і з памяццю літаратараў, з якімі мы развіталіся сёлета. Узгадаюць творчасць народнага паэта і суаўтара тэксту Дзяржаўнага гімна Беларусі Уладзіміра Карызны, народнага пісьменніка Мікалая Чаргінца. Так, 5 верасня пройдзе вечар памяці «Дарогамі жыцця Мікалая Чаргінца», у якім прымуць удзел актрыса Марыя Захарэвіч і кампазітар Эдуард Ханок.

«На Нацыянальную літаратурную прэмію паступіла шмат заявак. Мы рады, што імёны нашых калег-пераможцаў будуць названы на галоўнай сцэне, і спадзяёмся, што гэтыя творы прыцягнуць увагу чытачоў. Навацыя Міністэрства інфармацыі і трох кніжных выдавецтваў — гэта выпуск серыі, дзе прадстаўлены творы лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. Гэта праграма, якая стане часткай бібліятэкі мастацкіх твораў сучасных пісьменнікаў», — падкрэсліў Аляксандр Карлюкевіч.

Акрамя таго, чытачы змогуць пазнаёміцца з творамі мясцовых пісьменнікаў, а таксама кнігай для дзяцей «Касцюковічы — мой родны край» Выдавецкага дома «Звязда».

«Бібліятэкары і музейшчыкі прадставяць праграму па знаёмстве з рукапісамі і старымі кнігамі. Мы таксама падрыхтавалі шэраг святочных мерапрыемстваў, звязаных з класічнай беларускай літаратурай. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена літаратарам, звязаным з Касцюковічамі: Аркадзю Куляшову, Івану Чыгрынаву, Алесю Пісьмянкову», — падкрэсліў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю