У гарадскім кірмашы вакансій у Мінску паўдзельнічалі больш за 100 наймальнікаў. Ён прайшоў у Доме культуры чыгуначнікаў. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці
Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарвыканкама Пётр Шуцько адзначыў, што кірмашы вакансій праводзяцца штотыдзень. Але настолькі буйныя, як сёння, традыцыйна праходзяць мінімум два-тры разы на год. Для ўдзелу былі запрошаны больш за 100 наймальнікаў: «Важна, што мы прадугледзелі лакацыі для розных узростаў: ёсць вакансіі для часовай занятасці моладзі, можна азнаёміцца з тымі спецыяльнасцямі, па якіх наймальнік ужо сёння можа прыняць на працу. Ёсць прапановы для людзей, якія маюць абмежаванні па здароўі», — падзяліўся старшыня камітэта.
Для дапамогі ў працаўладкаванні моладзі праводзяцца спецыялізаваныя кірмашы вакансій. «У гэтым годзе нам удалося за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны ўцягнуць у працоўную дзейнасць больш за 11 тысяч маладых людзей, якія паралельна атрымліваюць адукацыю, што значна больш, чым у мінулым. А на будучыню мы ставім амбіцыйныя планы. Сярод асноўных кірункаў працаўладкавання: сфера грамадскага харчавання, сацыяльныя пансіянаты і медустановы, гандаль. У студатрадах моладзь актыўна працуе на будаўнічых, прамысловых аб’ектах», — звярнуў увагу Пётр Шуцько.
Вакансіі прапануе і БРСМ. Для непаўналетніх арганізацыя забяспечыць працаўладкаванне на базе навучальных устаноў, у цэнтрах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Падпрацоўкай зацікавілася навучэнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Арына Кардыш. «Больш за ўсё мне спадабалася падпрацоўка для студэнтаў у лагерах і студатрадах. Як старэйшая ў сям’і вельмі люблю выхоўваць дзяцей. Мне стала цікавая вакансія выхавальніка ў лагеры. Ужо планую паехаць, хоць раней ніколі такога досведу не было», — расказала яна.
Анастасія Кандраценка даведалася пра кірмаш з аб’явы ў каледжы: «Ужо працавала на трох месцах: прамоўтарам на розных мерапрыемствах, барыста, пасля чаго ўладкавалася мерчандайзерам. На гэтай пасадзе я прабыла паўгода, планую шукаць месца далей. Азнаёмілася з вакансіямі, убачыла для сябе зручны кірунак — спецыяліст па забеспячэнні і маркетолаг. Усю астатнюю інфармацыю планую даведвацца ўжо па тэлефоне», — падзялілася планамі дзяўчына.
На кірмашы можна было знайсці шмат розных прапаноў. Напрыклад, у сетку прадуктовых крам шукаюць прадаўцоў, грузчыкаў, камплектоўшчыкаў, адміністратараў і кур’ераў. Ёсць розныя вакансіі: для людзей без спецыяльнай адукацыі і з вышэйшай адукацыяй. Так, на прадпрыемстве «Белмедпрэпараты» шукаюць не толькі ўпакоўшчыка, апаратчыка шырокага профілю, але і аператара хімічнага аналізу, хіміка, інжынера-тэхнолага, эканаміста і майстра па рамонце абсталявання.
У адным са сталічных бізнес-цэнтраў патрабуюцца адміністратары, кухонныя работнікі, кухары. Прапануюць поўны сацыяльны пакет, прэміі, выплаты да розных свят і надбаўкі.
Начальнік аддзела кадравай і прававой работы УАЗ «4-я гарадская клінічная бальніца імя М. А. Саўчанкі» Андрэй Бондараў сказаў, што на дадзены момант установа мае патрэбу ў санітарах, медбратах і медсёстрах, інжынерных работніках. «Работа будзе праходзіць у новым корпусе, старыя цяпер рамантуюцца. З пераваг — шмат актыўнасцяў для моладзі ў арганізацыях БРСМ і „Белая Русь“. У цэлым у нас дастаткова малады калектыў», — апісаў умовы працы Андрэй Бондараў.
Мае патрэбу ў кваліфікаваных кадрах вузкай спецыялізацыі і «Мінскхлебпрам» — прадпрыемства вырабляе хлебапякарную прадукцыю не толькі для горада Мінска, але і для ўсёй Беларусі. «Спецыялістаў рыхтуе не так шмат навучальных устаноў: таму мы ўшчыльную працуем з кірмашамі вакансій, навучальнымі ўстановамі. Рыхтуем спецыялістаў і ў сябе на вытворчасці. Прапануем пашыраны сацпакет, маем патрэбу не толькі ў пекарах, тэхнолагах, але і ў слесарах, рамонтніках, зваршчыках, токарах — тых, хто будзе абслугоўваць абсталяванне», — сказала вядучы спецыяліст па кадрах рамонтна-механічнага завода «Мінскхлебпрам» Алена Ісачанка.
Сёння для ўсіх ахвотных працуе партал службы занятасці, на якім у актуальным рэжыме размяшчаюцца вакансіі горада Мінска і краіны. Як растлумачыў Пётр Шуцько, да размяшчэння на партале вакансіі не публікуюцца на іншых рэсурсах. «Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарвыканкама праводзіць навучанне (падчас яго выплачваецца стыпендыя), пры падборы кандыдатаў на яго мы заключаем дагавор і забяспечваем гарантаваным рабочым месцам. Сёння на кірмашы прадстаўлена лакацыя садзейнічанню прадпрымальніцкай дзейнасці. Нямала прадпрыемстваў гатова навучаць на працоўных месцах», — дадаў спікер.
На партале службы занятасці можна размясціць сваё рэзюмэ. Спецыялісты гатовы аказаць садзейнічанне пры яго падрыхтоўцы, зрабіць так, каб яно было прывабным, наймальнікі бачылі, наколькі ім падыходзіць кандыдат.
Яна ВАЛАСАЧ.