Top.Mail.Ru

Больш за 100 работнікаў аграпрамысловага комплексу ўдастоены дзяржузнагарод і Падзякі Прэзідэнта

Больш за 100 работнікаў аграпрамысловага комплексу ўдастоены дзяржаўных узнагарод і Падзякі Прэзідэнта за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё АПК і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў. Адпаведныя Указ і распараджэнне падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамляе БелТА.



Ордэнаў і медалёў, ганаровых званняў удастоены 61 работнік арганізацый аграпрамысловага комплексу.

Ордэнам Працоўнай Славы ўзнагароджаны генеральны дырэктар ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Уладзімір Лук’янаў і дырэктар ААТ «Отар» Чачэрскага раёна Таццяна Струк. Яшчэ пяць чалавек — ордэнам Пашаны. Гэта аператар жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм МТК «Германішкі» КСУП «Гудагай» Астравецкага раёна Гелена Дрэма, дырэктар ААТ «Хоцімскі льнозавод» Мікалай Курзянкоў, аператар машыннага даення ААТ «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага» Кіраўскага раёна Галіна Лёгкая, трактарыст-машыніст КУПСГП Верхнядзвінскага раёна «Кахановічы» Васіль Мароз і кіроўца аўтамабіля ААТ «Шлях новы» Ляхавіцкага раёна Уладзімір Пабягайла.

Вялікая група работнікаў аграпрамысловага комплексу ўдастоена медаля «За працоўныя заслугі». У іх ліку — аператар машыннага даення ААТ «Грыцкевічы» Нясвіжскага раёна Таццяна Гусева, трактарыст-машыніст кааператыва «Ларынаўка» Аршанскага раёна Яўген Мяльніцкі, галоўны аграном ААТ «Спорава» Бярозаўскага раёна Іван Пракурат, аператар птушкафабрык і механізаваных ферм ААТ «Птушкафабрыка «Рассвет» Гомельскага раёна Святлана Рускіх і токар кааператыва «Свіцязянка-2003» Карэліцкага раёна Віктар Урбановіч.

Указам таксама прысвоены ганаровыя званні заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Іх удастоены галоўны аграном СВК «Прагрэс-Верцялішкі» Гродзенскага раёна Іван Галавенка, аператар птушкафабрык і механізаваных ферм бройлернага цэха № 1 ЗАТ «Сервалюкс Агра» Магілёўскага раёна Таццяна Даўганосава, дырэктар ААТ «Святая Воля» Івацэвіцкага раёна Уладзімір Любушак, трактарыст-машыніст ААТ «Ціхінічы» Рагачоўскага раёна Андрэй Новікаў і начальнік цэха жывёлагадоўлі КСУП «Брылёва» Гомельскага раёна Вячаслаў Струк.

Заслугі яшчэ 40 чалавек адзначаны Падзякай Прэзідэнта. У іх ліку — галоўны аграном ААТ «Круглянскі світанак» Сяргей Астроўскі, дырэктар Шчучынскай птушкафабрыкі Андрэй Красоўскі, вядучы інжынер-тэхнолаг Мінскага малочнага завода № 1 Таццяна Міхнавец, жывёлавод сельгаспрадпрыемства «Рыдомльскі» Талачынскага раёна Наталля Рогава і трактарыст-машыніст ААТ «Гарадзілава» Маладзечанскага раёна Аляксандр Сцефановіч.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю