Больш за 11,5 тыс. т кандытарскіх вырабаў выпусцілі на фабрыцы «Спартак» у студзені — чэрвені. Аб гэтым расказала намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Вольга Наважэнцава, павеламіла БелТА.
На фабрыцы «Спартак» выпусцілі больш за 11,5 тыс. т прадукцыі за першае паўгоддзе. Гэты перыяд прадэманстраваў рост выручкі ад рэалізацыі на ўнутраны рынак, дзе размяркоўваюцца асноўныя пастаўкі кандытарскіх вырабаў. Удзельная вага экспарту ў агульным аб’ёме адгрузкі склала 7,7%, адзначыла намеснік гендырэктара.

Цяпер на прадпрыемстве завяршаюць мадэрнізацыю аддзялення выпечкі вафельнага ліста на ўчастку № 1 вафельнага цэха. Тут заменены дзве печы на больш прадукцыйнае абсталяванне, з высокім узроўнем аўтаматызацыі і бяспекі. Гэта, як падкрэслілі на прадпрыемстве, дасць магчымасць у бліжэйшы час яшчэ больш пашырыць асартымент і нарасціць аб’ёмы вытворчасці.
«Спартак» — шматпрофільнае прадпрыемства з замкнёным цыклам вытворчасці, якое здольна гібка рэагаваць на патрэбнасці рынку і спецыялізуецца на вырабе карамелі, пячэння, вафель, шакаладу, глазураваных цукерак, шакаладных вырабаў, батончыкаў на аснове нугі, батончыкаў мюслі. Усяго на салодкай вытворчасці выпускаюць звыш 350 найменняў кандытарскіх вырабаў, уключаючы тыя, што маюць лячэбна-прафілактычны эфект. Таксама на прадпрыемстве вырабляюць унікальныя вырабы, напрыклад «пельмені» з белага шакаладу, кветкавыя кампазіцыі з шакаладу і інш.

Кандытарскае прадпрыемства ў Гомелі працуе з 4 чэрвеня 1924 года.