Top.Mail.Ru

Больш за 120 удзельнікаў збярэ ў Гродне турнір па міні-футболе «Кубак адзінства»

У Гродне арганізуюць міжгаліновы турнір па міні-футболе «Кубак адзінства». Аб гэтым расказалі ў абласным аб’яднанні прафсаюзаў.



18 верасня на футбольным полі Гродзенскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву адбудзецца міжгаліновы турнір па міні-футболе «Кубак адзінства» сярод прафсаюзных арганізацый рэгіёна. Турнір пройдзе ўжо другі раз і па добрай традыцыі будзе прымеркаваны да Дня народнага адзінства. Падкрэсліваецца, што гэта не проста спартыўнае спаборніцтва, а яркае свята з’яднанасці, таварыскасці і каманднага духу, якое аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных галін.

У спаборніцтвах прымуць удзел больш за 120 чалавек. Удзельнікаў і гасцей чакаюць відовішчныя футбольныя матчы, сумленная барацьба і атмасфера сапраўднага спартыўнага адзінства. У аб’яднанні адзначылі, што «Кубак адзінства» стане не толькі спартыўным спаборніцтвам, але і пляцоўкай для сустрэч, умацавання каманднага духу і развіцця прафсаюзных традыцый. Футбол, як і прафсаюзны рух, будуецца на ўзаемнай падтрымцы, даверы і ўменні дзейнічаць разам. Менавіта гэтыя якасці асабліва важны для дасягнення агульных мэт і ўмацавання адзінства працоўных калектываў.

«Дзень народнага адзінства — гэта свята, якое нагадвае нам аб сіле з’яднанасці, узаемнай падтрымкі і адказнасці за агульную будучыню нашай краіны. „Кубак адзінства“ прызначаны аб’яднаць прадстаўнікоў розных галін не толькі на спартыўнай пляцоўцы, але і ў сяброўскіх стасунках. Упэўнены, што турнір падорыць удзельнікам яркія эмоцыі, цікавыя сустрэчы і сапраўдную спартыўную барацьбу», — падкрэслілі ў Гродзенскім абласным аб’яднанні прафсаюзаў.


Па выніках спаборніцтваў лепшыя каманды і ігракі будуць адзначаны дыпломамі, кубкамі, медалямі і памятнымі прызамі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю