Традыцыйна яшчэ ў жніўні прафсаюзы пачалі аказваць дапамогу ў падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года. У выніку за два месяцы на гэтыя мэты прафсаюзнымі арганізацыямі ўсёй краіны накіравана больш за 13 мільёнаў 600 тысяч рублёў. Падтрымкай з боку прафсаюзаў ахоплена больш за 172 тысячы дзяцей супрацоўнікаў прадпрыемстваў, на якіх дзейнічаюць пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі. Таксама аказвалася дапамога і розным дзіцячым установам.
— Дадатковыя гарантыі і падтрымка работнікаў з дзецьмі, дабрачынныя акцыі для дзяцей, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, праходзяць працяглае лячэнне або выхоўваюцца ў інтэрнатных установах, — усё гэта пастаянная практыка для прафсаюзаў. І, безумоўна, асаблівая ўвага названым пытанням удзяляецца ў такі важны перыяд як пачатак новага навучальнага года, — расказалі ў прэс-службе ФПБ. — У кожнай сітуацыі — індывідуальны падыход. Так, у шэрагу выпадкаў для першаклашак — дзяцей супрацоўнікаў прадпрыемстваў прафкамы закупілі партфелі з усім неабходным наборам канцылярскіх прылад, у іншых — выдалі грашовыя сертыфікаты або матэрыяльную дапамогу, дапамаглі з набыццём школьнай формы, уручылі тэматычныя падарункі. Добрай традыцыяй стала і правядзенне маштабных інтэрактыўных свят для дзяцей.
Што да падтрымкі розных дзіцячых устаноў, то тут дапамога аказвалася зыходзячы з іх рэальных запытаў. Прафсаюзы садзейнічалі ў набыцці навучальнага і спартыўнага абсталявання, тэхнічных сродкаў навучання, добраўпарадкаванні тэрыторыі — усё для таго, каб дзеці жылі і вучыліся ў камфортных умовах.
Алена КРАВЕЦ