Больш за 13 тыс. школьнікаў і студэнтаў паўдзельнічалі ў мерапрыемствах архіўнай галіны ў першым паўгоддзі. Пра гэта паведаміў журналістам дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Алег Воінаў, перадае БелТА.
«Праца з моладдзю застаецца прыярытэтнай задачай архіўнай галіны. У першым паўгоддзі больш за 1,2 тыс. мерапрыемстваў непасрэдна мы правялі, — сказаў Алег Воінаў. — Прыемна адзначыць, што акцыя „Архівы школе“ стала дадатковым сістэмным інструментам у агульнаадукацыйным працэсе ў краіне».
Па словах дырэктара дэпартамента, праца з моладдзю адыгрывае важную ролю ў фарміраванні цікавасці да гістарычнай спадчыны і паважлівага стаўлення да яе. Ён упэўнены: важна не спыняцца на дасягнутым і пастаянна ўкараняць у працу новыя формы падачы матэрыялу.
У Беларусі ўжо чатыры гады праводзіцца міжнародны медыямарафон «Без тэрміну даўнасці: непакорныя», нагадаў Алег Воінаў. «Гэта ўжо не проста конкурс, а прастора, дыялог, творчасць, сумесныя работы школьнікаў Беларусі і Расіі», — адзначыў ён, нагадаўшы, што сёлета медыямарафон прымаў Гомель і сабраў сотні ўдзельнікаў.
У цэлым праца архіваў па шырокім выкарыстанні архіўных дакументаў дазваляе ўсебакова задаволіць інфармацыйныя патрэбы грамадства шляхам арганізацыі выстаў, публікацый, экскурсій, кіналекторыяў, а таксама прадастаўлення дакументаў праз інтэрнэт-рэсурсы, што ператварае архіўныя фонды з закрытых сховішчаў у даступную крыніцу веды і культурнай спадчыны для грамадзян, падкрэсліў дырэктар дэпартамента.