У краіне працягваецца сумеснае стратэгічнае вучэнне Узброеных Сіл Беларусі і Расіі «Захад — 2025». У панядзелак на 227-м агульнавайсковым палігоне «Барысаўскі» прайшоў адзін з асноўных этапаў розыгрышу практычных манеўраў войскаў. За практычнымі дзеяннямі войскаў назіралі прадстаўнікі 23 дзяржаў, у тым ліку трох краін — членаў НАТА: ЗША, Турцыі і Венгрыі, трох міжнародных аб’яднанняў: Саюзнай дзяржавы, АДКБ і СНД, прадстаўнік Цэнтра па прадухіленні канфліктаў АБСЕ і больш за 150 журналістаў з каля 15 краін.
На адным з самых буйных палігонаў Узброеных Сіл, дзе на працягу навучальнага года праводзіцца значная колькасць мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі, ваеннаслужачыя адпрацоўвалі шэраг тактычных эпізодаў: нанясенне агнявога паражэння праціўніку, прымяненне беспілотных лятальных апаратаў, стральба з закрытых агнявых пазіцый танкавымі падраздзяленнямі, пускамі процітанкавых кіраваных ракет і ўдарамі FPV-дронаў, дзеянні манеўраных агнявых груп, прымяненне сродкаў дыстанцыйнага мінавання, супрацьпаветранае прыкрыццё, эвакуацыя параненых.
«Мы знаходзімся на завяршальнай стадыі правядзення сумеснага стратэгічнага вучэння „Захад — 2025“, якое з’яўляецца асновай падрыхтоўкі войскаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, — расказаў міністр абароны Віктар Хрэнін. — Гэтаму вучэнню папярэднічала вялікая работа ў рамках планавання, падрыхтоўкі органаў кіравання войскаў, аб’ектаў вучэбнай матэрыяльнай базы, пытанняў забеспячэння. Як мы і заяўлялі раней, вучэнне гэта планавае. Спланавана яно да правядзення ў два этапы». Першы этап завершаны. Падчас яго былі адпрацаваны кіраванне войскамі падчас адбіцця агрэсіі, а таксама такое важнае пытанне, як арганізацыя ўзаемадзеяння: «Цяпер праходзіць другі этап вучэння, дзе адпрацоўваюцца пытанні аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці. Вучэнне праходзіць на трох палігонах, у некалькіх раёнах мясцовасці Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей. Усе раёны правядзення вучэння знаходзяцца ўдалечыні ад дзяржаўных межаў».
- Міністр абароны расказаў і пра новыя формы і спосабы тактычных дзеянняў войскаў, адпрацаваных падчас вучэнняў «Захад — 2025»: «Новае ўсё, асабліва формы і спосабы тактычных дзеянняў войскаў. У нас ёсць добрая магчымасць, акрамя як самім аналізаваць, яшчэ і атрымліваць вопыт ад нашых расійскіх калег, якім яны актыўна дзеляцца. Калі ўзяць узровень вышэй, аператыўны, стратэгічны, скажу так: нам удалося ў сістэму правядзення дадзенага вучэння спланаваць пытанні прымянення зброі больш магутнага паражэння. Мы ўпершыню змаглі сістэматызаваць і адпрацаваць пытанні прымянення і процідзеяння беспілотным лятальным апаратам».
Неабходна яшчэ адпрацаваць шэраг пытанняў, задач, затым войскі вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі і, вядома ж, трэба будзе правесці дэталёвы аналіз. «Як міністр, магу з упэўненасцю сказаць: я бачу зладжаную і выразную работу органаў кіравання і войскаў. Мы прытрымліваемся простага прынцыпу: мы не думаем, што вораг да нас не прыйдзе, мы думаем пра тое, з чым і як мы яго сустрэнем. Вось гэтаму мы вучым свае войскі, — падкрэсліў міністр абароны. — Такую адкрытасць, якую мы праяўляем і забяспечваем на дадзеным вучэнні, цяжка сабе ўявіць. Галоўная прычына — нам няма чаго хаваць. Па-другое, мы зацікаўлены ў зніжэнні напружанасці ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне і для гэтага робім рэальныя практычныя крокі. Мабыць, самы галоўны крок, які быў зроблены, — гэта прынятае нашым Прэзідэнтам рашэнне аб адводзе асноўных дзеянняў войскаў углыб нашай краіны, што мы і зрабілі».
Віктар Хрэнін нагадаў, што рашэнне аб правядзенні такога вучэння было прынята ў 2009 годзе кіраўнікамі дзяржаў — Беларусі і Расіі — 16 гадоў таму. «З гэтага моманту кожныя два гады мы праводзім вучэнне альбо на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, альбо на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Дарэчы, на нашай тэрыторыі гэта ўжо пятае вучэнне, — заўважыў ён. — Кожнае вучэнне, падрыхтоўка, асабліва правядзенне мерапрыемстваў падвяргаюцца мэтанакіраванай інфармацыйнай атацы. Чаго мы толькі не наслухаліся ад розных палітыкаў, экспэртаў рознага ўзроўню — што мы пагражаем NATO, што мы цяпер будзем захопліваць краіны Прыбалтыкі... Мы спакойна глядзім на гэтыя інфармацыйныя атакі, таму што, як я сказаў, нам няма чаго хаваць, мы рыхтуемся да абароны сваёй краіны».
Вучэнне, на думку беларускага боку, з’яўляецца беспрэцэдэнтна адкрытым, мы не нясем нікому пагрозы, мы за выбудоўванне канструктыўнага і прагматычнага дыялога, расказаў журналістам начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва-памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва генерал-маёр Валерый Равенка: «На жаль, у тым ліку кіраўніцтвам Польшчы было заяўлена аб агрэсіўнасці гэтых мерапрыемстваў, хоць мы паведамлялі аб колькасці войскаў, іх ненакіраванасці супраць заходніх дзяржаў, аб абарончым складніку. Было заяўлена аб перакідцы кантынгентаў і войскаў Польшчы да межаў і да тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Гэта выклікала адпаведную заклапочанасць у кіраўніцтва нашай дзяржавы. 8 верасня 2025 года мы накіравалі запыт у Польшчу з просьбай растлумачыць такую незвычайную ваенную актыўнасць на тэрыторыі суседняй дзяржавы. Ва ўстаноўлены тэрмін ваенна-палітычнае кіраўніцтва Польшчы дало адказ аб параметрах вучэння, якое праводзіцца на іх тэрыторыі, і патлумачыла нам усе нашы запыты і нюансы. Гэта сведчыць пра канструктыўную размову».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА