Top.Mail.Ru

Больш за 18,2 тыс. калектыўных дагавораў дзейнічаюць у Беларусі

У Беларусі дзейнічаюць больш за 18,2 тыс. калектыўных дагавораў. Пра гэта заявіў начальнік Галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Дзмітрый Аляксейчык, перадае БелТА.



У Беларусі сацыяльнае партнёрства замацавана канстытуцыйнай нормай: у 1995 годзе быў прыняты ўказ аб развіцці сацыяльнага партнёрства. «Таксама з 1995 года ў рэспубліцы дзейнічае Нацыянальны савет па працоўных і сацыяльных пытаннях. Ён сфарміраваны з прадстаўнікоў урада, наймальнікаў і прафсаюзаў. У склад савета ўваходзяць па 11 прадстаўнікоў ад кожнага боку. На пасяджэннях Нацыянальнага савета разглядаюцца і вырашаюцца найважнейшыя пытанні сацыяльна-працоўнай сферы, якія датычацца кожнага грамадзяніна краіны», — сказаў Дзмітрый Аляксейчык.

Ён таксама нагадаў аб генеральным пагадненні, якое заключаецца паміж бакамі сацыяльнага партнёрства. «Гэта адзін з асноўных дакументаў па развіцці сацыяльнага партнёрства. У ім утрымліваюцца ўсе абавязацельствы, якія ўзялі на сябе бакі, каб у далейшым паступальна рухацца ў пытаннях абароны працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў работнікаў», — адзначыў прадстаўнік ФПБ.

«Паказальным з’яўляецца тое, што ў Беларусі абсалютна ўсе сферы і галіны эканомікі ахоплены сацыяльна-партнёрскімі пагадненнямі. На падставе Генеральнага пагаднення заключаюцца тарыфныя і мясцовыя пагадненні, калектыўныя дагаворы. Такіх сацыяльна-партнёрскіх пагадненняў цяпер дзейнічае 489, уключаючы 40 тарыфных пагадненняў. Яны ўсе служаць асновай для далейшага заключэння калектыўнага дагавора ў кожнай арганізацыі. Пазіцыя прафсаюзаў адназначная: калектыўны дагавор павінен быць у кожнай арганізацыі, таму што гэта дакумент, які накіраваны на абарону і падтрымку ўсіх работнікаў, — падкрэсліў Дзмітрый Аляксейчык. — Мы паступальна рухаемся ў напрамку павелічэння ахопу калектыўна-дагаворным рэгуляваннем у краіне. Статыстыка паказвае, што штогод колькасць калектыўных дагавораў прырастае. На пачатак гэтага года ў рэспубліцы дзейнічала больш за 18,2 тыс. калектыўных дагавораў. Яны распаўсюджвалі сваё дзеянне на больш чым 19 тыс. арганізацый, у якіх створаны пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі. Толькі за мінулы год мы заключылі 680 калектыўных дагавораў».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю