Top.Mail.Ru

Больш за 2 тысячы пажараў адбылося ў Беларусі з пачатку года

З пачатку года ў Беларусі адбылося 2179 пажараў, і гэта на 37 % надзвычайных выпадкаў больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Статыстыка сведчыць і аб негатыўнай тэндэнцыі росту загінулых на пажарах. Па стане на 10 красавіка, ахвярамі агню сталі 230 чалавек, у тым ліку дзіця (трагедыя адбылася ў Лунінецкім раёне).


Большасць узгаранняў (а гэта без малога 80 % ад агульнай колькасці) прыпадае на жыллёвы фонд. Асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў з трагічным фіналам па-ранейшаму застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём. Пры гэтым з 796 пажараў 407 адбыліся з-за непатушанай цыгарэты: згубная звычка забрала жыцці больш як 139 чалавек. Многія з іх на момант узгарання знаходзіліся ў алкагольным ап’яненні.

Прычынай крыху больш як паўтысячы пажараў стала парушэнне правілаў устройства і эксплуатацыі печаў, цеплагенерацыйных агрэгатаў і прылад. З-за невыканання правілаў устройства і эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання адбылося 548 пажараў. За кожным такім выпадкам — калі не паламаны лёс, дык страчаная або пашкоджаная маёмасць, парушэнне звычайнага ўкладу жыцця, маральная спустошанасць.

Цана шкоднай звычкі

Мінімум тры чалавекі маглі загінуць на пажары ў адным са шматпавярховікаў у Лідзе. Аб тым, што ў суседнім пад’ездзе гарыць кватэра, ратавальнікам паведаміў жыхар дома. Прыбыўшы да месца выкліку, работнікі МНС устанавілі, што ідзе дым з балкона на пятым паверсе сяміпавярховага шматкватэрнага жылога дома. Высветлілася, што ў кватэры пражывае 55-гадовая жанчына. Напярэдадні здарэння суседзі бачылі яе ў кампаніі двух знаёмых.

Менавіта трох чалавек у стане беспрытомнасці ратавальнікі вынеслі з ахопленай агнём кватэры. У цяжкім стане брыгада хуткай медыцынскай дапамогі шпіталізавала мужчыну і дзвюх жанчын. Эвакуацыя спатрэбілася шасцярым жыхарам суседніх кватэр, сярод якіх было дзіця. Пасля праветрывання яны змаглі вярнуцца ў свае кватэры. Як высветлілі спецыялісты, да надзвычайнага здарэння прывяло неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Ратавальнікі настойліва рэкамендуюць не курыць у пасцелі, тым больш у стане алкагольнага ап’янення. Ад непатушанай цыгарэты можа загарэцца адзенне або мэбля. Нават патушаныя цыгарэты нельга выкідваць у вядро з паперамі, іншымі гаручымі адыходамі, а таксама з вокнаў ці балконаў. Для гэтых мэт падыдзе ёмістасць з негаручага матэрыялу, лепш за ўсё напоўненая вадой.

Другі дзень нараджэння можа святкаваць і жыхар Навагрудскага раёна. Пакуль мужчына спаў, па яго адрасе накіроўваліся чатыры пажарныя разлікі. І ўсё дзякуючы відавочцы здарэння, якая своечасова патэлефанавала ў МНС. Яшчэ адзін неабыякавы мясцовы жыхар да прыбыцця ратавальнікаў увайшоў у кватэру праз незачыненыя дзверы. Менавіта ён разбудзіў 52-гадовага гаспадара і вывеў яго на вуліцу. У лічаныя хвіліны ратавальнікі ліквідавалі пажар. Агнём знішчана канапа і маёмасць, закураны сцены і столь у жылым пакоі. Брыгада хуткай медыцынскай дапамогі, якая прыбыла на месца, агледзела выратаванага і шпіталізавала яго ва ўстанову аховы здароўя для назірання. І ў гэтым выпадку прычынай пажару стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Печ патрабуе клопату

Пажар у вёсцы Вуглата Асіповіцкага раёна забраў жыцці двух пенсіянераў. Позна вечарам суседзі паведамілі ратавальнікам аб моцным гарэнні будынка. Па прыбыцці падраздзяленняў МНС на месца здарэння агонь ахапіў дом адкрытым полымем. Мясцовыя жыхары выказалі меркаванне, што ў доме могуць знаходзіцца два чалавекі — пажылыя бацькі гаспадара домаўладання. На жаль, іх здагадкі пацвердзіліся. Ратавальнікі знайшлі целы мужчыны і жанчыны 1934 года нараджэння пад канструкцыямі дома, якія абваліліся.

Згодна з папярэдняй версіяй, пажар здарыўся па прычыне парушэння правіл эксплуатацыі печаў, цеплагенерацыйных агрэгатаў і прылад 
(у коміне печы ратавальнікі выявілі расколіну), парушэння правіл устройства і эксплуатацыі электрасетак.

МНС Беларусі заклікае грамадзян выконваць правілы пажарнай бяспекі, асабліва ў дачыненні да эксплуатацыі печаў і электрасетак. 

Варта паклапаціцца аб пажарнай бяспецы ў дамах сваіх састарэлых сваякоў, не пакідаць па-за ўвагай любыя прыкметы небяспекі.

Па прычыне заўчаснага закрыцця засаўкі коміна трагедыя магла здарыцца і ў Бялынічах. Раніцай гаспадар дома тапіў у печы. На працягу дня чацвёра дзяўчынак (дзве з іх знаходзіліся ў гасцях) пачалі адчуваць недамаганне. Бацькі неадкладна звярнуліся па медыцынскую дапамогу, пасля чаго дзеці былі дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя. Іх шпіталізавалі з дыягназам «атручэнне ўгарным газам сярэдняй ступені цяжкасці». Папярэднія даныя ўказваюць на тое, што гэта адбылося з-за заўчаснага закрыцця засаўкі коміна, што прывяло да назапашвання ўгарнага газу ў памяшканні.

Ратавальнікі нагадваюць аб неабходнасці захавання правілаў бяспекі пры выкарыстанні пячнога ацяплення. Каб пазбегнуць трагедый, важна рэгулярна правяраць спраўнасць комінаў і вентыляцыйных сістэм, а таксама не пакідаць печы без нагляду. У выпадку з’яўлення сімптомаў атручвання ўгарным газам (такіх як галаўны боль, галавакружэнне, млоснасць ці слабасць) неадкладна пакіньце памяшканне і звярніцеся па медыцынскую дапамогу.

У зоне рызыкі

У перыяд з 22 да 30 сакавіка ў краіне прайшла традыцыйная рэспубліканская пажарна-прафілактычная акцыя МНС па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх «За бяспеку разам», якая аб’яднала намаганні розных арганізацый і ведамстваў, якія зацікаўлены ў стварэнні бяспечных умоў пражывання грамадзян у жыллі. 

У прафілактычных мерапрыемствах бралі ўдзел прадстаўнікі органаў унутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны, адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя і энергетыкі, СМІ, што дало магчымасць забяспечыць комплексны падыход да выяўлення і ліквідацыі фактараў, якія ўплываюць на бяспеку жыццядзейнасці грамадзян.

— Асноўная задача ўсіх суб’ектаў прафілактыкі — максімальна аб’яднаць намаганні, накіраваныя на недапушчэнне пажараў у жылым фондзе, — адзначыў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі. — У рамках гэтай работы акцэнт робіцца на ўразлівай катэгорыі грамадзян. 

Мы бачым партрэт тых людзей, якія гінуць на пажарах. Адпаведна, прымаем неабходныя захады ўжо больш адрасна. 

Па-першае, размова ідзе аб пажылых грамадзянах, якія пражываюць самастойна, адзінокіх састарэлых. Па-другое, гэта шматдзетныя сем’і. Па-трэцяе, дзеці, якія выхоўваюцца ў сем’ях, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На асаблівым кантролі — людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Менавіта яны ўяўляюць пэўную небяспеку не толькі для сябе, але і для тых людзей, якія пражываюць побач.

Яўген Бараноўскі праінфармаваў, што кожны грамадзянін можа звярнуцца ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях па бясплатную поўнамаштабную кансультацыю па пытаннях павышэння ўзроўню пажарнай бяспекі ва ўласным жыллі.

«Наш інспектар на бязвыплатнай аснове выедзе па ўказаным адрасе і правядзе поўную інспекцыю па пытанні пажарнай бяспекі, — патлумачыў афіцыйны прадстаўнік МНС. — Такую паслугу любы чалавек можа замовіць і для сваіх пажылых бацькоў. Калі раптам будуць выяўлены недахопы, ніякія меры адміністрацыйнага ўздзеяння прымяняцца не будуць. Ратавальнікі дадуць толькі рэкамендацыі, якія датычацца бяспечных умоў пражывання».

Фота прэс-службы МНС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю