Больш за 20 тыс. тон бульбы для чыпсаў вырасцілі ў Кармянскім раёне сёлета. Пра гэта расказаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко на абласным урачыстым сходзе з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, паведаміла БелТА.
Звяртаючыся да працаўнікоў вёскі, кіраўнік рэгіёна адзначыў: кожны з іх унёс свой уклад у агульны вынік. «Валавы збор збожжавых, збожжабабовых, кукурузы і рапсу склаў 1,381 млн т на сённяшні ранак», — агучыў вагу абласнога каравая Іван Крупко.
Што датычыцца бульбы, яе ўраджайнасць сёлета ў 313 ц/га перавысіла леташні ўзровень больш чым на 100 ц/га. «Самыя высокія вынікі — 470 і 476 ц/га — у філіяла „Дубрава-Агра“ Светлагорскага раёна і „Ціхінічы“ Рагачоўскага раёна. Буда-Кашалёўскі, Рагачоўскі і Кармянскі раёны забяспечылі больш за палову ўсяго абласнога ўраджаю бульбы, у тым ліку 21 тыс. т чыпсавага кірунку ў Кармянскім раёне», — падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
Рэкардсменам па ўраджайнасці капусты і буракоў стала «Брылёва», дзе сабралі 1456 і 790 ц/га адпаведна. «А фермерская гаспадарка Міхаіла Шруба па ўраджайнасці морквы — 800 ц/га. Гэтыя паказчыкі найлепшыя ў вобласці», — канстатаваў кіраўнік рэгіёна.
Паводле яго слоў, цалкам завершана закладка ў стабфонды бульбы, агародніны. «Усяго 19,7 тыс. т бульбы, капусты, буракоў, морквы, цыбулі і яблыкаў. Іх захаванасць, а, такім чынам, і харчовую бяспеку рэгіёна ў міжсезонне забяспечваюць 20 арганізацый», — удакладніў кіраўнік вобласці.