Top.Mail.Ru

Больш за 200 гісторый подзвігу: галіновы прафсаюз адзначае ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС

Да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання запусціў маштабную ініцыятыву па ўшанаванні работнікаў, якія бралі ўдзел у ліквідацыі наступстваў.


Падзякамі галіновага прафсаюза будуць адзначаны больш як 240 чалавек. Сёння яны працягваюць працаваць у арганізацыях сацыяльных партнёраў па ўсёй краіне, застаючыся прыкладам прафесіяналізму, адказнасці і грамадзянскай мужнасці.

Трэба адзначыць, што ўпершыню ініцыятыва рэалізуецца ў такім маштабе на ўзроўні рэспубліканскага камітэта.

Старт акцыі дадзены сёння на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Ва ўрачыстай абстаноўцы Падзякі ўручаны 40 работнікам, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі. Асабіста падзякаваць работнікаў прыехаў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Юрый Шумскі.

«Чарнобыльская аварыя — гэта гісторыя подзвігу тысяч людзей, якія, не шкадуючы сябе, сталі на абарону жыцця і здароўя іншых. Сярод іх — нашы калегі, работнікі галіны. Напрыклад, Андрэй Цімашэнка, вадзіцель пажарна-хімічнай станцыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. У 1986 годзе ён быў за рулём аўтамабіля, які вывозіў жыхароў Нараўлянскага раёна. Сяргей Лушч, ляснік Варацецкага лясніцтва гэтага ж запаведніка. Адразу пасля аварыі на ЧАЭС ён быў накіраваны на адзін з самых адказных участкаў — кантрольна-прапускны пункт у вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна. І праз чатыры дзесяцігоддзі лёс распарадзіўся так, што і цяпер ён перыядычна заступае на дзяжурства на тым жа самым КПП у Бабчыне. Аляксандр Добыш, выратавальнік-пажарны запаведніка, у той час ён служыў старшым пажарным у Хойніках. Пакуль свет усведамляў маштабы здарэння, ён разам з калегамі ўціхамірваў агонь у выселеных вёсках раёна. Атрыманы ў першыя месяцы пасля аварыі вопыт дапамагае яму і сёння імгненна рэагаваць на пагрозы, своечасова выяўляючы і ліквідуючы ўзгаранні на запаведных тэрыторыях, — адзначыў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Юрый Шумскі. — Кожнаму чалавеку, якога мы сёння адзначаем і да якога яшчэ прыедзем у арганізацыі, важна асабіста сказаць словы шчырай удзячнасці і падкрэсліць: іх уклад ніколі не будзе забыты. Гэта таксама магчымасць выказаць глыбокую павагу за іх сённяшнюю працу — за тое, што яны працягваюць перадаваць свой вопыт, веды і каштоўнасці моладзі».

Да канца месяца ўзнагароды атрымаюць усе работнікі-ліквідатары, што стане працягам сістэмнай работы прафсаюза па захаванні памяці аб подзвігу і прызнанні заслуг людзей, якія ўнеслі ўклад у пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю