Спецыялісты расказалі, што гэтыя гірлянды перавозіліся без дакументаў, якія пацвярджаюць іх адпаведнасць патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Еўразійскага эканамічнага саюза.
Акрамя таго, гірлянды не адпавядаюць патрабаванням ТР МС 004/2011 «Аб бяспецы нізкавольтнага абсталявання». Сярод парушэнняў — не забяспечаны неабходны ўзровень інфармацыі для бяспечнага прымянення нізкавольтнага абсталявання па прызначэнні. У маркіроўцы вырабаў не былі ўказаны найменне і абазначэнне гірлянды, асноўныя параметры і характарыстыкі, якія ўплываюць на бяспеку: колькасць і від лямпачак, ступень абароны, узровень напружання, дата вырабу, інфармацыя пра вытворцу. Таксама адсутнічаюць эксплуатацыйныя дакументы.
Як адзначылі ў Магілёўскай абласной інспекцыі Дзяржстандарту, наперадзе — навагоднія і калядныя святы, гандлёвыя сеткі будуць напаўняцца прадукцыяй адпаведнай тэматыкі, у тым ліку і гірляндамі. Спецыялісты працягнуць сачыць за тым, што трапляе на прылаўкі. «Няякасны тавар можа несці пагрозу жыццю і здароўю людзей. Праверкі будуць працягвацца, — расказалі яны. — Акрамя таго, пакупнікі таксама павінны звяртаць увагу на тое, што набываюць. Часта нават па знешнім выглядзе можна вызначыць ненадзейнасць вырабу».
Так, набываючы электрычную гірлянду, спецыялісты раяць пераканацца ў цэласнасці ізаляцыі: праверыць, каб провад шчыльна прылягаў да ўсіх элементаў гірлянды, быў гладкі і без пашкоджанняў. Калі ёсць рэзкі пах пластмасы, значыць, пры вырабе ізаляцыі выкарыстоўваўся няякасны пластык, у якім могуць утрымлівацца шкодныя для здароўя рэчывы. Таксама пры куплі гірлянды варта ўважліва вывучыць маркіроўку вырабу, пераканацца ў наяўнасці ў прадаўца ўсіх неабходных дакументаў. Усё гэта дапаможа пазбегнуць набыцця няякаснага тавару, які можа стаць прычынай шкоды здароўю і маёмасці.