У Брэсцкай вобласці ў першыя выхадныя 2026 года прынялі значную колькасць турыстаў. У Брэсцкім аблвыканкаме назвалі топ-3 найбольш папулярных лакацый, паведамляе БелТА.
Прадказальна на першым месцы апынуўся Нацыянальны парк «Белавежская пушча». У гэтыя дні ў запаведным лесе пануе сапраўдная снежная зіма. З 1 па 4 студзеня ў нацпарку пабывалі каля 21,4 тыс. гасцей. Яны прагуляліся на свежым паветры, нацешыліся прыгажосцю непаўторнай прыроды, паназіралі за насельнікамі пушчы, наведалі маёнтак беларускага Дзеда Мароза.
Нязменны пункт прыцягнення — мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». За час доўгіх выхадных там прынялі 190 экскурсійных груп (гэта больш за 8,1 тыс. чалавек). Турысты прайшліся па тэрыторыі легендарнай цытадэлі над Бугам і наведалі музеі, каб падрабязней даведацца пра подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці.
У топ-3 турыстычных славутасцяў Брэсцкай вобласці таксама ўваходзіць парк жывёл у Баранавічах. Перавагу такому віду адпачынку з пачатку 2026 года аддалі звыш 2,9 тыс. дарослых і дзяцей.
«Гэта толькі пачатак года. Наперадзе шмат падзей і адкрыццяў», — запэўнілі ў Брэсцкім аблвыканкаме.