Top.Mail.Ru
188

Больш за 230 тысяч рублёў завінаваціў наймальнік работнікам — умяшаўся прафсаюз

У сітуацыі разбіраўся прафсаюзны юрыст. Пры правядзенні грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы высветлілася, што на адным з прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гомельшчыны наймальнік не аказваў работнікам матэрыяльную дапамогу на аздараўленне на працягу ўсяго мінулага года.



— Норма аб выплаце матэрыяльнай дапамогі на аздараўленне пры прадастаўленні працоўнага водпуску замацавана ў калектыўным дагаворы арганізацыі, яна абавязковая для выканання наймальнікам. У дадзеным выпадку, спаслаўшыся на няпростае фінансавае становішча прадпрыемства, кіраўніцтва самастойна прыняло рашэнне аб прыпыненні дзеяння асобных норм калдагавора. Гэта з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Трэба разумець, што адмова ад узятых на сябе абавязацельстваў — гэта вымушаная мера, якой павінна быць сур’ёзнае абгрунтаванне. Акрамя таго, прыпыніць дзеянне тых ці іншых палажэнняў лакальнага дакумента можна толькі па ўзгадненню бакоў. Пры гэтым павінен быць вызначаны не толькі перыяд прыпынення, але і механізм узнаўлення іх дзеяння. У прыведзенай сітуацыі працэдура выканана не была, як і не ўздымалася наймальнікам у прынцыпе гэтае пытанне. Нявыплата матэрыяльнай дапамогі работнікам у такім выпадку — грубае парушэнне, — расказалі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў.

Прававы інспектар працы выдаў рэкамендацыю на ўстараненне выяўленага парушэння. Дарэчы, наймальнік з довадамі прафсаюза пагадзіўся, і работнікі атрымалі належныя выплаты.

З іншай сітуацыяй, звязанай з выплатай на аздараўленне, сутыкнуўся работнік адной з арганізацыі Магілёўшчыны. Мужчына хацеў адправіць дачку ў летні лагер і звярнуўся па матэрыяльную дапамогу да наймальніка. Кіраўнік паабяцаў, што грошы будуць пералічаны пасля вяртання дзіцяці з лагера.

Згодна з нормай калектыўнага дагавора арганізацыі матдапамога на аздараўленне дзіцяці павінна быць аказана да пачатку аздараўленчай змены. На гэта прафсаюзны юрыст звярнуў увагу наймальніка. У выніку кіраўнік паабяцаў выплаціць сродкі на працягу 3 працоўных дзён.

Трэба адзначыць, што ў цэлым пытанне выканання норм пагадненняў рознага ўзроўню — ад Генеральнага да калектыўных дагавораў — знаходзіцца на пастаянным кантролі прафсаюзаў. Гэта датычыцца не толькі выканання ўзятых бакамі абавязацельстваў, але і аналіз дакументаў — ацэньваецца магчымасць далейшага пашырэння гарантый для работнікаў.

Нагадаем, кожны работнік, у якога ёсць пытанні па ўмовах працы або ўзнікла спрэчная сітуацыя з наймальнікам, можа звярнуцца ў Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр ФПБ па адзіным нумары — 8 801 100 1111 (званок бясплатны).

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю