Як адзначылі ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, усё больш беларусаў аддаюць перавагу адпачынку і лячэнню на радзіме, пакідаючы станоўчыя водгукі аб якасці і эфектыўнасці працэдур.
Усяго ва ўласнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 12 санаторыяў з агульнай ложкавай магутнасцю каля 5 тысяч месцаў, а даступнасць лячэння ў іх забяспечваецца за кошт скідак, датацый з прафсаюзных узносаў і сродкаў наймальнікаў. За кошт гэтага цана пуцёўкі для члена прафсаюза часта не перавышае 15-20 працэнтаў ад поўнай, падкрэсліла намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Таццяна Філімонава.
З пачатку 2026 года больш за 25 тысяч членаў прафсаюза і іх сем’яў ужо прайшлі аздараўленне ў прафсаюзных здраўніцах. «Пік аздараўлення членаў прафсаюза супадае з асноўным пікам адпускной пары — гэта летні перыяд. Таму ў членаў прафсаюза ёсць магчымасць праз свае пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі загадзя забраніраваць пуцёўку, — адзначыла Таццяна Філімонава. — Штодня стараемся, каб якасць і медыцынскіх паслуг, і харчавання, і пражывання паляпшалася. Для гэтага на пастаяннай аснове праходзіць рамонт і абнаўленне нашых карпусоў».
Паводле слоў намесніка дырэктара ўстановы «Дырэкцыя па кіраванні ўласнасцю Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі» Андрэя Камінскага, усе 12 санаторыяў размешчаны ў маляўнічых мясцінах краіны — з улікам ландшафту, лясістасці, водных аб’ектаў і прыродных крыніц. Да таго ж, санаторыі дапаўняюць адзін аднаго, што дазваляе эканоміць рэсурсы і адначасова аказваць поўны спектр санаторна-курортных паслуг: «Мы выбіраем актуальныя праблемы, дзе можам падтрымаць і дапамагчы, забяспечваючы пераемнасць медыцынскай дапамогі, уключаючы дыягностыку», — адзначыў Андрэй Камінскі.
У Федэрацыі прафсаюзаў падкрэслілі, што работа па паляпшэнні якасці паслуг, харчавання, пражывання і медыцынскага абслугоўвання вядзецца бесперапынна. У пастаянным рэжыме праводзіцца рамонт і абнаўленне карпусоў, стаіць задача аснасціць усе нумары сучасным абсталяваннем і стварыць максімальна камфортныя ўмовы для наведвальнікаў. У прыярытэце — не толькі мадэрнізацыя, але і ўкараненне новых кірункаў аздараўленчых праграм.
Таксама значная ўвага надаецца дзіцячаму адпачынку: штогод у спартыўна-аздараўленчых лагерах, якія дзейнічаюць на базе прафсаюзных спартыўных школ, аздараўляюцца 10-15 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. У гэтым годзе, расказала Таццяна Філімонава, да пачатку першай змены было праверана больш за 130 такіх лагераў.
Аміна НАЗАРАВА
Фота ФПБ