Усё пачалося з ідэі. У свой час Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што галоўнае багацце нашых лясоў — драўніна — выкарыстоўваецца ў эканоміцы не так эфектыўна, як хацелася б. Акрамя таго, кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача адрадзіць драўлянае домабудаванне. Мінлясгас падхапіў гэту ініцыятыву.
Сетка пляцовак
У краіне створана сетка з 19 фірменных гандлёвых пляцовак пад брэндам «Лясны домік», расказаў начальнік упраўлення вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Міністэрства лясной гаспадаркі Андрэй МАЦКЕВІЧ. «Галоўным чынам яны знаходзяцца ў абласных гарадах. Асноўная наша мэта — быць даступнымі, быць побач, каб любы жыхар нашай краіны змог прыехаць, заказаць неабходныя піламатэрыялы
(у нас арганізавана дастаўка), павезці іх у тое месца, дзе ў яго знаходзіцца аб’ект будаўніцтва», — паведаміў ён.
Разам з тым спецыяліст нагадаў, што 23 лістапада 2020 года быў падпісаны Указ № 437 «Аб вядзенні лясной гаспадаркі і рэалізацыі драўніны». А 13 жніўня 2024 года Указам № 323 у папярэдні былі ўнесены змены. Дакументы выдадзены з мэтай задавальнення патрэб грамадзян у драўнянай сыравіне па прымальных цэнах і стымулявання насельніцтва да набыцця драўляных домакамплектаў для будаўніцтва жылля.
Андрэй Мацкевіч адзначыў: з моманту падпісання ўказа попыт на драўніну ў круглым выглядзе для будаўнічых патрэб значна вырас.Так, калі за 2023 год амаль 5 тысяч спажыўцоў лесу звярнуліся ў лясгасы і атрымалі каля 100 тысяч кубічных метраў драўніны, за мінулы год — ужо каля 6,5 тысячы кліентаў выпісалі каля 130 тысяч «кубоў» лесу. Сёлета ўжо аформлена больш за 5 тысяч такіх заявак, па якіх было адпушчана 103 тысячы «кубоў».
Не проста мара
Драўляны дом — мара, якая яшчэ нядаўна многім беларусам была не па кішэні. Цяпер усё змянілася. Закон аб рэалізацыі драўніны па льготных цэнах эканоміць не толькі грошы беларусаў, але і не менш каштоўны для будоўлі рэсурс — час.
Андрэй Мацкевіч звярнуў увагу, як штогод расце попыт і на домакамплекты. Такая вытворчасць працуе і ў Стаўбцоўскім раёне. На ўчастку «Акінчыцы» Стаўбцоўскага вопытнага лясгаса распрацаваны праект драўлянага домакамплекта ў чатырох варыянтах. Кошт гатовага праекта складае прыкладна ад 20 да 28,5 тысячы рублёў.
«Рэалізацыя ідзе з прыцягненнем праграмы спажывецкага крэдытавання «На родныя тавары». У мінулым годзе было прададзена тры домакамплекты, а сёлета — ужо чатыры, два з якіх — па праграме льготнага крэдытавання, — расказаў намеснік дырэктара-галоўны інжынер Стаўбцоўскага лясгаса Генадзь ШПІЛЕЎСКІ.
У нашай краіне створаны 25 вытворчых ліній па драўляным домабудаванні. Закуплена абсталяванне яшчэ для сямі. Кіраўніцтва Мінлясгаса літаральна ўпэўнена, што да канца года ўжо 32 лясгасы будуць вырабляць «канструктар» драўлянага жылля.
Без лішніх выдаткаў і затрымак
Як атрымаць дзяржаўную падтрымку на дом мары, прадстаўнікі Мінлясгаса прадэманстравалі на прыкладзе Стаўбцоўскага раёна. Большую частку райцэнтра займае прыватная жылая забудова. Таму попыт на будаўнічыя матэрыялы тут высокі. Як адзначыў галоўны ляснічы Стаўбцоўскага лясгаса Віктар БАБКО, сёлета арганізацыяй на льготных умовах насельніцтву рэалізавана каля 1,8 тысячы «кубоў» драўніны.
Купля драўніны на льготных умовах абыдзецца ў Стаўбцоўскім раёне ў сярэднім каля 56 рублёў за «куб». Пры закупцы ў іншых арганізацыях кошт вырасце амаль утрая. Звярнуцца ў лясгас па льготную драўніну можа кожны. Але ёсць нюанс.
Будматэрыялы не выпісваюцца ў неабмежаванай колькасці. Для куплі лесу на льготных умовах неабходна звярнуцца з праектна-каштарыснай дакументацыяй у райвыканкам. Зыходзячы з праекта, вылічваецца неабходная для будаўніцтва або рамонту колькасць драўніны. Ужо з атрыманым рашэннем неабходна звярнуцца ў лясгас для куплі будсыравіны. Дакумент адкрыў новае акно магчымасцяў: у лясгасе цяпер можна купіць па цэнах, ніжэйшых за рынкавыя, да 70 кубаметраў круглага лесу для будаўніцтва і да 10 «кубоў» — для бягучага рамонту.
Пакупніку неабходна запоўніць заяўку. У ёй паказаць мэту набыцця драўніны і неабходны аб’ём. Калі чалавек выконвае ўсю працэдуру, дае неабходны пакет дакументаў, то лясгасы задавальняюць заяўкі ў поўным аб’ёме і на працягу некалькіх дзён. Яшчэ адзін важны нюанс — пакупнік да 1 лістапада года, у якім набыў драўніну, павінен падаць у лясгас справаздачу аб мэтавым выкарыстанні матэрыялу або інфармацыю, дзе тлумачыцца немагчымасць зрабіць гэта.
Рэальная эканомія
Актыўна будаўніцтва прыватных жылых дамоў ідзе ў Стоўбцах у мікрараёне «Паўночны». Участак тут у 2021 годзе атрымала і шматдзетная сям’я Лаўрыновічаў. Драўняныя матэрыялы для будоўлі дома закупілі на льготных умовах. «Мы засталіся вельмі задаволеныя і вынікам, і якасцю, а таксама — коштам. З выкарыстаннем набытай драўніны змаглі пабудаваць дахавую сістэму, бэлькі, столь. У нас яшчэ засталіся матэрыялы і на гаспадарчыя пабудовы», — расказала Таццяна Лаўрыновіч.
Магчымасцю льготнай куплі драўніны скарысталася і сям’я Новікаў. На будаўніцтва дома муж і жонка вырашыліся, калі сталі шматдзетнымі бацькамі. "Для будоўлі нам прапанавалі круглы лес. Ён абыдзецца танней, чым гатовы. З набытых матэрыялаў будзем класці дах. Вядома, асобная цана выйдзе за спіл. Але ў любым выпадку меншая, чым за куплю гатовых матэрыялаў без ільгот. Так, па нашых разліках, мы сэканомілі каля 5 тысяч рублёў, — падзялілася Ірына Новік.
Мінск — Стоўбцы — Мінск