Больш за 35 тыс. замежных студэнтаў атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў Беларусі. Пра гэта расказаў міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец, паведамляе БелТА.
«Сёння ў нас больш як 35 тыс. замежных студэнтаў навучаецца. Літаральна за апошнія два гады мы нарасцілі гэту лічбу на пяць тысяч. Гэта дастаткова вялікая і сур’ёзная дынаміка», — сказаў ён.
Міністр адукацыі звярнуў увагу на тое, што больш за 20 % замежнікаў з’яўляюцца студэнтамі магістратуры. Міністэрства бачыць запатрабаванасць гэтай ступені адукацыі. «Мы абавязаны яе захаваць для таго, каб даваць магчымасць атрымліваць нашу беларускую адукацыю хлопцам і дзяўчатам, якія прыязджаюць з іншых краін», — лічыць ён.
Па словах Андрэя Іванца, з кожным годам павялічваецца колькасць і студэнтаў з Афрыкі. «Колькасць маладых людзей, якія прыязджаюць з афрыканскіх краін, з кожным годам расце. Гэта не проста выпадковасць, гэта дастаткова сур’ёзная заканамернасць», — дадаў міністр.