Top.Mail.Ru

Больш за 380 тысяч тон другаснай сыравіны сабрана ў Беларусі сёлета за 9 месяцаў — 42 кг на кожнага жыхара

Наша турбота, а не янота

15 лістапада адзначаецца Сусветны дзень рэцыклінгу. Гэтая экалагічная дата заклікана прыцягнуць увагу грамадства, дзяржавы і бізнесу да праблемы адходаў і магчымасці іх паўторнага выкарыстання. А таксама нагода абмеркаваць асабліва актуальнае пытанне, як скараціць колькасць смецця, якое адпраўляецца на палігоны, і ператварыць яго ў карысную сыравіну.

Штогод у нашай краіне ўтвараецца каля 60 млн тон розных адходаў: так, у 2025 годзе — 58,1 млн тон адходаў вытворчасці і 4,7 млн тон цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА).

Пры гэтым каля 70 % адходаў вытворчасці прыпадае на буйнатанажныя, якія не збярэш у раздзельныя кантэйнеры.

— Гэта ў тым ліку адходы калійнай вытворчасці і фосфагіпс, а таксама асадкі ачысткі сцёкавых водаў, якія з-за адсутнасці эфектыўных тэхналогій перапрацоўкі назапашваюцца, — тлумачыць намеснік начальніка ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім ТАРАСАЎ. — Нягледзячы на цяжкасці ў перапрацоўцы, паказчык рэцыклінгу адходаў вытворчасці ў 2025 годзе склаў 31 %. Значна вырас і працэнт паўторнага выкарыстання ЦКА — 48,9 % (у 2023 годзе — 39,6 %).

У маі мінулага года Прэзідэнт паставіў амбіцыйную задачу — дабіцца ўзроўню выкарыстання адходаў не менш за 90 %. У якасці інструмента для дасягнення гэтай мэты Мінпрыроды распрацавала, а ўрад зацвердзіў Стратэгію па абыходжанні з адходамі вытворчасці і спажывання ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта асноўны дакумент, які ўсебакова вызначае мэты і шляхі развіцця сістэмы абыходжання з адходамі. Дасягненне мэты і выкананне задач Стратэгіі будуць ажыццяўляцца ў тры этапы: 1) да 2030 года; 2) 2031–2035 гады; 3) 2036–2040 гады. Прадугледжаны і прамежкавыя арыенціры. Так, да 2030 года ўзровень выкарыстання ЦКА павінен скласці 70 %, а да 2035 года — 90 %.

У краіне ўжо сфарміравана адпаведная інфраструктура. Паводле слоў Максіма Тарасава, у рэестры Мінпрыроды зарэгістравана каля 1200 аб’ектаў, на якіх выкарыстоўваецца звыш 900 найменняў адходаў.

Аднак эфектыўнасць сістэмы абыходжання з адходамі залежыць не толькі ад магчымасцяў перапрацоўчых прадпрыемстваў, але і ад актыўнасці саміх жыхароў.

— За дзевяць месяцаў 2026 года ад насельніцтва сабралі больш за 380 тысяч тон асноўных відаў другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). У сярэднім гэта 42 кг на кожнага жыхара краіны, — падзялілася галоўны спецыяліст, каардынатар рэспубліканскай інфармацыйнай кампаніі «Мэта 99» дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Святлана МАЦКЕВІЧ.

Больш за ўсё ўдалося сабраць паперы і кардону — 172 тысячы тон; шкла — амаль 89 тысяч тон, пластыку — 67 тысяч тон. Акрамя таго, насельніцтва здало больш за 27 тысяч тон зношаных шын, амаль 18 тысяч тон адходаў электрычнага і электроннага абсталявання і каля 7 тысяч тон адпрацаванага машыннага масла.

Святлана Мацкевіч адзначыла, што ў Беларусі дзейнічае больш за 1637 пунктаў прыёму другаснай сыравіны. Аднак важную ролю ў развіцці перапрацоўкі адыгрывае і звычка людзей сартаваць адходы. Для гэтага ў краіне арганізаваны розныя сістэмы раздзельнага збору.

Як правільна выкідваць адходы?

Існуе два асноўныя падыходы да збору другаснай сыравіны.

У першым выпадку змешаныя ДМР збіраюцца ў адзіны жоўты кантэйнер, адкуль потым накіроўваюцца на сартаванне, дзе матэрыялы падзяляюць па відах і перадаюць на перапрацоўчыя прадпрыемствы.

У другім — збор ДМР ажыццяўляецца непасрэдна па відах. У гэтым выпадку ўстанаўліваюцца асобныя кантэйнеры:

  • сіні — для шкла;

  • зялёны — для паперы і кардону;

  • жоўты — для пластыку.

Аднак важна звяртаць увагу не толькі на колер, але і на інфармацыйную налепку з указаннем віду адходаў. У залежнасці ад прынятай схемы збору маркіроўка кантэйнераў можа адрознівацца.

Для адходаў, якія не адносяцца да ДМР, прадугледжаны асобны кантэйнер для змешаных камунальных адходаў. Звычайна ён чорнага колеру. Сюды варта выкідваць харчовыя адходы (рэшткі прадуктаў, ачысткі гародніны і садавіны), забруджаную тлушчам або рэшткамі ежы ўпакоўку, выкарыстаныя сродкі асабістай гігіены, сурвэткі, падгузкі, а таксама іншыя бытавыя адходы.

Такім чынам, нават простае раздзяленне смецця дома дапамагае накіраваць больш матэрыялаў на перапрацоўку і паменшыць аб’ёмы адходаў, якія падлягаюць захаванню.

Вераніка ШЫДЛОЎСКАЯ
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю