Выстаўка MІLEX-2025, якая праходзіла на мінулым тыдні, чарговы раз пацвердзіла статус найважнейшай пляцоўкі для дэманстрацыі дасягненняў ваенна-прамысловага комплексу і ўмацавання стратэгічнага партнёрства.
Яе ўдзельнікамі сталі 150 кампаній з Беларусі, прадстаўнікі Індыі, Ірана, Кітая, Пакістана і Расіі, а таксама афіцыйныя дэлегацыі амаль з 30 краін. Падчас работы выстаўкі яны абмеркавалі ўвесь спектр актуальных праблем, які стаіць перад зброевай галіной і навуковай супольнасцю.
Паводле слоў старшыні Дзяржкамваенпрама Дзмітрыя Пантуса, у параўнанні з папярэдняй выстаўкай у 2023 годзе мерапрыемства істотна прырасло па колькасці прадстаўленых на ім кампаній і сум падпісаных кантрактаў. Агульная сума падпісаных пагадненняў перавысіла 390 млн долараў, расказаў Дзмітрый Пантус у інтэрв’ю тэлеканалу «Першы інфармацыйны».
«Мы пабілі рэкорд мінулай выстаўкі MІLEX, калі ў нас было кантрактаў на 277 млн долараў, — адзначыў ён. — Вельмі шчыльна працуем з Расійскай Федэрацыяй, кааперацыйныя сувязі дасягнулі свайго апагею, і сёння
ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі знаходзіцца на своеасаблівым максімуме. Ніводны выраб Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь без сумесных паставак не абыходзіцца. І мы ўжо нават не лічым гэта за замежны прадукт. Шмат рэалізоўваецца сумесных доследна-канструктарскіх работ».
Дзмітрый Пантус звярнуў увагу, што паміж краінамі сёння завяршаецца фарміраванне праграмы па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве да 2030 года. Нягледзячы на ціск і санкцыі, плённае ўзаемадзеянне ў абароннай прамысловасці працягваецца, а сама сфера актыўна развіваецца. «Шмат работы праведзена для таго, каб мы адчувалі сябе ўпэўнена, — дадаў ён. — І мы адчуваем сябе ўпэўнена — гэта вынік сапраўднай і шчырай сумеснай дзейнасці».
Паводле БелТА