Top.Mail.Ru

Больш за 390 тысяч дрэў высадзяць у Беларусі

У нашай краіне ў рамках выканання мерапрыемстваў па азеляненні населеных пунктаў запланавана высадзіць больш за 390 тысяч дрэў і каля 500 тысяч кустоў. Пра гэта заявіў намеснік начальніка ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім Тарасаў.


Спецыяліст адзначыў, што таксама плануецца высадзіць 32 мільёны кветак і ўладкаваць газонаў на агульнай плошчы больш за 440 гектараў. Паводле яго слоў, адначасова будуць праводзіцца і работы па азеляненні тэрыторыі ўздоўж аўтамабільных дарог. Усяго там запланавана высадзіць не менш за 18 тысяч штук дрэў і кустоў, у тым ліку 10,8 тысячы ўздоўж рэспубліканскіх аўтамабільных дарог.

Акрамя таго, запланаваны ўладкаванне і рамонт 100 аўтамабільных парковак і 28 велапарковак паблізу вадаёмаў.

Аднавіць лясы пасля ўрагану

Аб падтрыманні парадку ў лясах расказаў намеснік начальніка ўпраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Віктар Звяртоўскі. Мінлясгасам распрацаваны і зацверджаны галіновы план мерапрыемстваў, згодна з якім рэалізуюцца шэсць мерапрыемстваў. Усё гэта робіцца для падтрымання парадку ў лясах, барацьбы з несанкцыянаванымі звалкамі, стварэння экалагічных сцежак, расчысткі бураломаў і апераджальнага лесааднаўлення пацярпелых участкаў.

Адзін з першых пунктаў у спісе плана — правядзенне санітарных высечак і прыборка захламленасці ў рэкрэацыйна-аздараўленчых, прыродаахоўных і ахоўных лясах. «У тым ліку тых, што прылягаюць да месцаў адпачынку, знаходзяцца ўздоўж аўтамабільных дарог, спажывецкіх кааператываў, знакавых аб’ектаў. Усё гэта будзе рэалізоўвацца на плошчы больш за 27 тысяч гектараў.

Важнай часткай выканання плана стане таксама прыборка адходаў у лясным фондзе. Будуць праведзены рэйдавыя мерапрыемствы, прымяняцца камеры фота- і відэафіксацыі.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, адным з пунктаў галіновага плана з’яўляецца правядзенне лесааднаўлення на пашкоджаных участках ветравальна-бураломных насаджэнняў. «Усё гэта будзе рэалізавана на плошчы 6,6 тысячы гектараў. Асноўны аб’ём прыйдзецца на Гомельскую вобласць, якая найбольш пацярпела ад ліпеньскіх бураломаў. Там плануецца правесці лесааднаўленне на плошчы 5,6 тысячы гектараў. Для выхавання ў грамадзян беражлівых адносін да лясоў у галіновы план уключаны мерапрыемствы па стварэнні экалагічных сцежак. Усяго іх будзе 98.

Подыумы для загару і мангалы

У Мінску актыўна рыхтуюцца да купальнага сезона, які пачнецца 1 мая. У рамках падрыхтоўкі плануецца ўстанавіць 12 выратавальных вышак на пляжах горада. Як паведаміў старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ратавальнікаў на вадзе Дзмітрый Мацюшка, рэйдавыя мерапрыемствы праводзяцца цэлы год, практычна кожны дзень. У перыяд купальнага сезона яны будуць узмоцнены.

На сёння бяспеку на вадаёмах забяспечваюць восем выратавальных станцый. З 1 мая дадаткова пачнуць работу яшчэ 20 сезонных пастоў. 

Як расказала начальніца службы ўтрымання гарадскіх лясоў, пляжаў і МКАД УП «Мінская лесапаркавая гаспадарка» Марына Макарава, за Мінскай лесапаркавай гаспадаркай замацаваныя пляжы Цнянскага і Заслаўскага вадасховішчаў, вадасховішчаў Дразды і Крыніца. Штогод для своечасовай падрыхтоўкі зон адпачынку прадпрыемствам на водных аб’ектах распрацоўваецца праграма развіцця пляжаў. Для падрыхтоўкі пляжаў да сезона праводзіцца шэраг мерапрыемстваў. Сярод іх рамонт і афарбоўка пляжнага дзіцячага спартыўнага абсталявання, дэмантаж і ўстаноўка новага абсталявання, рамонт пад’язных і пешаходных дарог, аўтастаянак.

Працягваюцца работы па вырабе драўлянай мэблі ўласнымі сіламі. Выраблена і ўстаноўлена на пляжах 19 драўляных альтанак, чатыры ценявыя падстрэшкі з шасці запланаваных, выраблена 75 лежакоў з 150. «На пляжах яшчэ з’явяцца чатыры лавы, дзесяць сталоў з крэсламі, подыум для загару і 22 стэнды. Будуць устаноўлены новыя ценявыя навесы, кабінкі для пераадзявання, арэлі, лаўкі, урны, мангалы. Агулам гэта каля 30 адзінак абсталявання», — адзначыла прадстаўніца Мінскай лесапаркавай гаспадаркі.

Марына Макарава расказала, што яшчэ новага з’явіцца на пляжах. «Для дзяцей на Цнянскім вадасховішчы ўсталююць чатыры двухсекцыйныя арэлі і гульнявы комплекс, на Заслаўскім — домік-альтанку і качалку на спружыне. Для аматараў фізічнай актыўнасці з’явіцца дзевяць адзінак спартыўнага абсталявання і футбольная пляцоўка на першым пляжы Заслаўскага вадасховішча. Таксама праведзены тэндэр на выраб і пастаўку абсталявання. Да 25 красавіка яно будзе ўстаноўлена».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю