Top.Mail.Ru

Больш за 4,3 тыс. маладых спецыялістаў прыбудуць на свае першыя працоўныя месцы ў Магілёўскай вобласці

Больш за 4,3 тыс. маладых спецыялістаў прыбудуць на свае першыя працоўныя месцы ў Магілёўскай вобласці. Пра гэта расказала галоўны спецыяліст упраўлення па рабоце са сродкамі масавай інфармацыі і маладзёжнай палітыкі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Таццяна Навуменка.



«На сённяшні дзень у арганізацыі рэгіёна на сваё першае працоўнае месца ўжо прыбыло амаль 3,9 тыс. маладых спецыялістаў. Да канца года сюды прыедуць яшчэ каля 500 чалавек», — адзначыла яна.

Сферы, у якіх будзе працаваць моладзь, разнастайныя. Гэта культура, спорт і турызм, прамысловасць, ЖКГ, транспарт, адукацыя, архітэктура і будаўніцтва, гандаль, грамадскае харчаванне і многае іншае.

«У рэгіёне ўжо сфарміраваўся свой топ сфер, якія выбіраюць для сябе нашы маладыя спецыялісты. Сёлета на першым месцы прамысловасць — тут будуць працаваць амаль 1,1 тыс. маладых спецыялістаў. На другім месцы — сельская гаспадарка. Шэрагі аграрыяў папоўняць амаль 650 чалавек. Замыкае тройку сфера аховы здароўя — тут на свае першыя працоўныя месцы прыйдуць каля 600 чалавек», — расказала Таццяна Навуменка.

У Магілёўскай вобласці ствараюцца ўсе ўмовы, каб не толькі забяспечыць маладога спецыяліста працай, але і дапамагчы яму адаптавацца ў новым калектыве і на новым месцы. «У нашым рэгіёне створаны маніторынгавыя групы, якія сочаць за ўмовамі пражывання. Да прыезду маладых спецыялістаў, яны абследуюць жыллё. У склад такіх груп уваходзяць прадстаўнікі аблвыканкама, мясцовай вертыкалі ўлады, прафсаюзы, маладзёжная арганізацыя, — пералічвае Таццяна Навуменка. — Акрамя гэтага, такія групы трымаюць пад пільным кантролем і ўмовы працы. Для гэтага наладжана дакладнае ўзаемадзеянне з кіраўніцтвам прадпрыемстваў і арганізацый. І калі выяўляюцца нейкія недапрацоўкі — на іх указваюць і хутка ліквідуюць».

Забяспечанасць жыллём — важны факт для станаўлення і замацавання маладых спецыялістаў. Ім прадастаўляюць арэнднае жыллё, засяляюць у інтэрнаты.

А каб дапамагчы кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, якія прымаюць выпускнікоў, для іх распрацаваны рэкамендацыі па рабоце з маладымі спецыялістамі. «Гэта выпрацаваны алгарытм, па якім кіраўнік можа ацэньваць гатоўнасць арганізацыі да прыёму маладых спецыялістаў. Акрамя гэтага, там ёсць практычныя парады па тым, як дапамагчы новаму работніку адаптавацца на новым месцы, пазнаёміцца і пасябраваць з калектывам, — падзялілася Таццяна Навуменка. — Наша галоўная задача зрабіць так, каб малады чалавек не проста прыйшоў, адпрацаваў і сышоў, а стаў часткай калектыву, знайшоў сваё пакліканне, абзавёўся ў будучыні сям’ёй і застаўся ў нашым рэгіёне».

Як адзначыла Таццяна Навуменка, добрай тэндэнцыяй у вобласці стала тое, што ўсё часцей моладзь у якасці месца для старту кар’еры выбірае сваю малую радзіму.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю